Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята велікодных пісанак прайшло ў Сапоцкіне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.03.2016 09:37

Ля культурна-турыстычнага цэнтра аграгарадка Сапоцкін гасцей сустракала велікоднае яйка два метры ў вышыню, змайстраванае з лазы.


А ў самым цэнтры майстрыхі стваралі чарговыя шэдэўры — сапоцкінскія пісанкі, тэхналогія вырабу якіх ужо два гады знаходзіцца пад аховай дзяржавы і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Мясцовая майстрыха Антаніна Юрчэня наносіць тонкім металічным канцом інструмента вадкі воск на варанае яйка. «Калі яйка цёплага падтону, то і пісанка пасля атрымацца з залацістымі ўзорамі, на бледных падтонах узор будзе бялюткім пасля таго, як воск здымецца пасля афарбоўкі», — расказвае яна.



Фарбавальнік майстрыха выкарыстоўвае абавязкова такі, як вучыла яе маці: практычна чорны колер дае адвар алешыны, дуба з дадаваннем кавалкаў іржавага жалеза. У такі адвар, каб фарба трымалася, дадаюць крыху воцату і вымаюць з яго амаль гатовы атрыбут святочнага стала гадзін праз дванаццаць і пазней. Сам адвар настойваецца ў падвале амаль два месяцы, чым даўжэй — тым цямней. Больш чырвонае адценне пісанцы надае гарачы адвар шалупіння цыбулі, у які яйка апускаюць, каб воск сцёк.

«Сапоцкінскія майстрыхі на велікодных яйках часцей за ўсё малююць веснавыя кветкі — рамонкі, дзьмухаўцы, а таксама сілуэты курачак, дубовыя лісточкі або фантазійныя ўзоры», — дадае яна.

Майстры прызнаюцца, што амаль кожны ў Сапоцкіне ўмее рабіць такія ж пісанкі, фарбуючы іх на кожны Вялікдзень.

Паводле БЕЛТА, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.