| Вялікая субота — чаканне Уваскрасення | 
| Каляндар | 
| 26.03.2016 00:01 | 
| 
 У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Пана, разважаючы пра муку
 і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце і 
гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрасення Збаўцы.  Езус Хрыстус нясе новае жыццё 
 У гэты дзень Касцёл поўнасцю ўстрымліваецца ад здзяйснення Эўхарыстычнай ахвяры. Святая Камунія ўдзяляецца толькі ў форме віятыку, а з іншых сакрамэнтаў дазволена ўдзяляць толькі намашчэнне хворых і сакрамэнт пакаяння і паяднання — споведзь. Шматлікія вернікі наведваюць святыні ў гэты дзень, каб адараваць Езуса ў Эўхарыстыі каля гробу Пана, а таксама прыносяць з сабой стравы, каб благаславіць іх на велікодны стол. 
 У святочным кошыку абавязкова павінны быць хлеб, вяндліны, яйка і соль. Хлеб нагадвае пра «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліны ці велікодны баранак — пра ўспамін аб пасхальным баранку, яйка — сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрослы Хрыстус, соль ахоўвае людзей ад сапсаванасці. 
 З самага пачатку Вялікая субота была насычана ўрачыстым чаканнем, чуваннямі і працягвалася да нядзельнага світання, да Рэзурэкцыі. З цягам часу яе абрад быў узбагачаны элементамі, якія паходзілі з рымскай традыцыі, а менавіта благаслаўленнем агню і васковай свечкі — пасхала. Гэтыя абрады распачыналі вігілію. З ІІ ст. для Пасхальнай ночы становіцца ўласцівай цэлебрацыя хросту як адна з частак вігіліі. У гэтую ноч Касцёл цэлебруе святыя сакрамэнты з усім багаццем знакаў, а таксама абвяшчае найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення. Пасха з’яўляецца найстаражытнейшым хрысціянскім святам і скіроўвае чалавечыя думкі да Хрыста, які ўваскрос, перамог смерць, грэх і шатана. 
 Асвечаная ў гэты дзень вада з’яўляецца знакам збаўчай рэчаіснасці, перадусім у сакрамэнце хросту. Хрост і аднаўленне хросных абяцанняў займаюць пачэснае месца ў літургіі Пасхальнай ночы, бо гэты сакрамэнт уключае людзей у збаўчую таямніцу Хрыста. 
 (JM)  | 


 
 
 для друку