Свята Божай Міласэрнасці — свята вялікай надзеі |
Каляндар |
02.04.2016 00:00 |
Першая нядзеля пасля Вялікадня называецца нядзеляй Божай Міласэрнасці. Устанавіў гэтае свята сам Езус, калі аб’явіўся св. Фаўстыне Кавальскай. Свята Божай Міласэрнасці прыпадае на актаву Уваскрасення Пана, якая завяршае святкаванне Вялікадня. Гісторыя свята 22 лютага 1931 года Езус аб’явіўся сястры Фаўстыне Кавальскай у кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Плоцку. Ён паведаміў манахіні, што жадае ўстанавіць у Касцёле свята Божай Міласэрнасці. Як вядома, святая з Польшчы перажыла 23 містычныя аб’яўленні і запісала пра іх у сваім «Дзённіку», які вяла па просьбе Езуса і спаведнікоў. У дзённіку манахіня распавядае пра цярпенні, якія перажывала, пра свой містычны стан і аб’яўленні Езуса. Акрамя ўстанаўлення свята Божай Міласэрнасці, падчас аб’яўленняў Хрыстус таксама прасіў св. Фаўстыну стварыць абраз «Езу, давяраю Табе», устанавіць Вяночак да Божай Міласэрнасці і Гадзіну Міласэрнасці (15.00 — гадзіна смерці Езуса на крыжы). Да ўсяго гэтага — заснаваць новую супольнасць для абвяшчэння культу Божай Міласэрнасці ва ўсім свеце. Усе просьбы Збаўцы былі выкананы, і зараз мы маем цэлы культ Божай Міласэрнасці Спачатку свята адзначалася толькі ў Польшчы. У 1985 годзе кардынал Францішак Махарскі ўпісаў свята ў літургічны каляндар Кракаўскай дыяцэзіі. Потым свята стала адзначацца ў некаторых іншых дыяцэзіях. У 1995 годзе па просьбе епіскапату Польшчы Папа Рымскі Ян Павел II увёў гэтае свята ва ўсіх дыяцэзій Польшчы. А 30 красавіка, у дзень кананізацыі сястры Фаўстыны, Папа Ян Павел II пашырыў гэтае свята на ўвесь Касцёл.
Падчас аднаго з аб’яўленняў Езус сказаў сястры Фаўстыне: «Прагну, каб першая нядзеля па Вялікадні была святам Міласэрнасці» (Дз. 299), «Прагну, каб свята Міласэрнасці было паратункам і прытулкам для ўсіх душаў, і асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адкрытыя глыбіні Маёй Міласэрнасці». Згодна з абяцаннямі Езуса, кожны, хто напярэдадні свята або падчас яго прыступіць да сакрамэнту пакаяння, а ў дзень свята прыме святую Камунію, «атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў. У гэты дзень адкрыты ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі» (Дз. 699). За дзевяць дзён да свята распачынаецца Навэнна да Божай Міласэрнасці. Ад Вялікай пятніцы і да свята Божай Міласэрнасці вернікі кожны дзень моляцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці, просячы ў Бога прабачэння для сябе і ўсяго свету. «Свята Маёй Міласэрнасці выйшла знутры Мяне для суцяшэння ўсяго свету» (Дз. 1517), — сказаў Езус сястры Фаўстыне. Урачыстасць вернікі павінны перажываць з чыстым сэрцам, у вялікім даверы Богу і міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. Толькі ў такой паставе можна чакаць спаўнення абяцанняў Хрыста, якія звязаны з гэтай формай культу Божай Міласэрнасці. «Першая нядзеля па Вялікадні — гэта свята Міласэрнасці, але павінна быць і дзеянне. Я патрабую ўшанавання Маёй міласэрнасці праз урачыстае адзначэнне гэтага свята і праз ушанаванне намаляванага абраза» (Дз. 742). Свята Божай Міласэрнасці — свята вялікай надзеі для кожнага, заснаванай на бязмежнай міласэрнасці Бога. І ў Год Божай Міласэрнасці яно набывае яшчэ больш асаблівы сэнс.
У сваіх аб’яўленнях Езус падкрэсліў, што ў дзень свята ўсе людзі, нават тыя, якія нядаўна прыйшлі да Бога, могуць атрымаць надзвычайныя ласкі Божай Міласэрнасці. У гэты дзень можна прасіць Бога аб усім, што не супярэчыць Яго волі, для сябе і сваіх родных і блізкіх. «Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур» (Дз. 699), — заклікаў Збаўца. Не будзем жа баяцца атрымаць гэтыя незвычайныя ласкі і даверымся бязмежнай міласэрнасці Бога. |