Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
26 красавіка — 30-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Каляндар
26.04.2016 08:00

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (Украінская ССР) здарылася аварыя, наступствы якой адчулі і працягваюць адчуваць на сябе тысячы людзей.

У выніку аварыі на атамнай станцыі ў навакольнае асяроддзе адбыўся выкід радыёактыўных рэчываў, у ліку якіх ізатопы ўрану, плутонію, ёду, цэзію, стронцыю і інш.

Аварыя стала буйнейшай у сваім родзе за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. Радыёактыўнае забруджванне атрымалі шэраг мясцовасцяў Беларусі (паўднёвы усход), Украіны і Расіі.

АЭС размяшчалася за 16 км ад паўднёвай мяжы з Беларуссю.

Каля 70 працэнтаў радыёактыўных ападкаў выпала на тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго ўзровень забруджвання яе тэрыторыі з’яўляецца самым высокім сярод усіх пацярпелых ад трагедыі краін.

Што адбылося?

У ноч на 26 красавіка 1986 года ў 01.24 на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Разбурэнне насіла выбуховы характар. Будынак энергаблоку часткова абваліўся.

У адрозненне ад бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, выбух нагадваў вельмі моцную «брудную бомбу» — у выніку аварыі адбыўся выкід у атмасферу радыёактыўных ізатопаў урану, плутонію, ёду, цэзію, стронцыю і інш.



Найбольшыя дозы выпраменьвання атрымалі каля тысячы чалавек, якія ў момант выбуху знаходзіліся побач з рэактарам і прымалі ўдзел у аварыйных працах у першыя дні пасля яго.

Для ўдзелу ў працах па тушэнні пажару на АЭС і дэактывацыі тэрыторыі былі мабілізаваны каля 600 тысяч чалавек.

Наступствы

Многія мясцовыя жыхары ў першыя тыдні пасля аварыі ўжывалі ў ежу прадукты (у асноўным малако), забруджаныя радыёактыўным ёдам-131. Ёд назапашваўся ў шчытападобнай залозе, што прывяло да вялікіх доз апраменьвання на гэты орган.

Шчытападобная залоза — адзін з органаў, найбольш падвержаных рызыцы ўзнікнення злаякасных пухлінаў у выніку радыёактыўнага забруджвання. Асабліва высокая рызыка ў дзяцей.
У 1990-1998 гг. было зафіксавана больш за 4 тысячы выпадкаў хваробы раку шчытападобнай залозы сярод тых, каму на момант аварыі было менш за 18 гадоў.

Некаторыя даследаванні сведчаць пра павелічэнне колькасці выпадкаў лейкеміі і іншых злаякасных пухлінаў як у ліквідатараў, так і ў жыхароў забруджаных тэрыторый.



Вопыт назіранняў за пацярпелымі пры атамных бамбардзіроўках Хірасімы і Нагасакі паказаў, што рызыка захворвання лейкеміяй зніжаецца праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля апраменьвання. У выпадку іншых відаў злаякасных пухлінаў сітуацыя адваротная.

Большасць ліквідатараў, якія працавалі ў небяспечнай зоне ў наступныя пасля аварыі гады, атрымалі дозы выпраменьвання на ўсё цела.

Частка ліквідатараў акрамя знешніх крыніц выпраменьвання атрымала і «ўнутранае выпраменьванне» — ад аселага ў органах дыхання радыёактыўнага пылу. Рэспіратары, якія выкарыстоўваліся ў той час, не заўсёды былі дастаткова эфектыўнымі.

Чытайце таксама:

Справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сведчаць, што ў агульнай колькасці каля 4 тысяч чалавек не перажыве наступствы радыёактыўнага заражэння.

Што далей?

Над чацвёртым энергаблокам быў узведзены бетонны саркафаг, які стрымлівае большую колькасць радыёактыўных прамянёў. Абарончы купал, аднак, за апошнія гады прыйшоў у няспраўнасць.



На сёння завяршаецца міжнародны праект па будаўніцтве новага купала (на фота ўверсе), якое плануецца завяршыць да 2017 года. Пасля гэтага пачнуцца работы па дэмантажы старога купала і выдаленні радыёактыўных абломкаў пад ім.

«Сёння наша зямля — зняважаная і разрабаваная»

Асаблівую ўвагу на стан навакольнага асяроддзя звяртае ў сваёй энцыкліцы «Laudato si'» Папа Францішак. «Які свет мы хочам перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія зараз падрастаюць?» — задаецца пытаннем у энцыкліцы Святы Айцец.

Папа Францішак заклікае ўсіх — як кожнага асобнага чалавека, так і сем’і, мясцовыя супольнасці, народы і міжнародную супольнасць, — да «экалагічнага навяртання».  

Красавік 2013 года ў Нароўлі. Фота Ільі Лапато

«Сёння наша зямля, зняважаная і разрабаваная, плача, а яе стогн злучаецца з енкам усіх пакінутых у свеце», — гаворыцца ў энцыкліцы.

Яе назва ўзята з закліку св. Францішка «Laudato si', mi’ Signore» («Будзь праслаўлёны, мой Пане!»), які ў «Гімне стварэнню» нагадвае, што зямля з’яўляецца нашым супольным домам.

Падрыхтаваў І. Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.