Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чарнобыльскае рэха: людзі і лёсы
Беларусь - Пінская дыяцэзія
26.04.2013 10:57

Узровень радыяцыі ў Нароўлі перавышае сярэднія паказчыкі па Беларусі ў пяць разоў. Нароўля сёння — адзін з найбольш радыёактыўных гарадоў у Беларусі.

Пасля аварыі на ЧАЭС жыхары больш чым дзясятка вёсак з Нараўлянскага раёна былі адселены. Але з’ехалі не ўсе. Сёння ў райцэнтры і раёне жыве 11 тысяч чалавек. У самой Нароўлі ёсць тры сярэднія школы і нават працуе цукеркавая фабрыка…

У савецкія часы ў горадзе не было ніводнага храма. Каталіцкая капліца, збудаваная для былых уласнікаў горада Горватаў, а таксама праваслаўная царква і сінагога Кастрычніцкую рэвалюцыю не перажылі.

Будынкі для касцёла і царквы «знайшліся» толькі ў 90-х: пад царкву прыстасавалі будынак дзіцячага садку, а пад касцёл — пашпартны стол. У сённяшняй плябаніі, што побач з касцёлам, калісьці і ўвогуле было аддзяленне міліцыі…

Касцёл у Нароўлі асвяцілі ў 1998 годзе пад тытулам Св. Крыжа. У парафіі вельмі сімвалічны адрас: Камуністычная, 33.

Савецкага ў райцэнтры шмат. Акрамя чырвоных зорак на адміністрацыйных будынках і цэнтральных вуліц з назвамі «Піянерская», «Леніна» і «Кастрычніцкая», на галоўнай плошчы вы абавязкова заўважыце вялізны барэльеф Леніна і гіганцкую выяву сярпа з молатам.

Жыхарка Нароўлі Зоня Пархоменка ў райцэнтры жыве ўжо 38 гадоў. Выгадавала дзяцей, прычакала ўнукаў. Але нішто, нават пагроза здароўю, не змусіла яе пакінуць родны кут:

«Многія з’ехалі, а я не захацела. І не шкадую. У 1986 годзе я жыла ў вёсцы і нам, перасяленцам, прапаноўвалі жыллё ў іншых гарадах, але я засталася ў Нароўлі, таму што тут жылі мае бацькі. Тым, хто паехаў, ім яшчэ горш, чым нам. Усё новае, да ўсяго прывыкаць…»

А яшчэ Зоня — актыўная парафіянка касцёла Св. Крыжа:

«Увогуле наша парафія магла б быць і большай, але шмат хто з нашых нараўлянскіх католікаў зараз жыве ў іншых гарадах: Мінск, Брэст, Гродна, Маларыта, Ліда, Слуцк… А што да каталіцкай традыцыі, то яна захавалася тут толькі дзякуючы нашым бабулям. У вёсках жа як маліліся — збяруцца бабы дзе ў якой хаце, коўдрай вокны завесяць — каб ніхто не бачыў. А нам, малым, было цікава. І мы заўсёды былі з імі».

З Нароўлі ў Грушаўку, з Грушаўкі ў Ельск…

Для пробашча парафіі Узвышэння Св. Крыжа кс. Вікенція Сяўрука нядзеля — дзень руплівы. Мяркуйце самі: святар праязджае каля ста кіламетраў (!). Пасля Імшы ў нараўлянскай парафіі кс. Вікенцій выязджае ў суседнюю в. Грушаўка, а затым — у Ельск. Без аўтамабіля было б цяжка. І ў першую чаргу для парафіянаў, якіх клапатлівы пробашч падвозіць да святыні.

Сярод іх і 89-гадовая баба Лёня — жыхарка в. Дабрынь. Кожную нядзелю пажылая бабуля прыходзіць на аўтобусны прыпынак і чакае, пакуль з Нароўлі на Грушаўку ў касцёл будзе ехаць ксёндз Вікенцій.

«Ужэ 13 гадов як я одна сома себэ кукарэкаю, — прызнаецца кабета, — Слава Отцу Небесному, што ў гэтых годах сома ногі пераставляю. А ойчэ духовны (так кабета называе пробашча — аўт.) молодзец — каждый раз мінэ падвозіт.  А ў косцёл каждую недэлю іду. Як перед Богом пообешчала... (плача — аўт.), так і езжу».

Леаніда Сікорская (яна ж баба Лёня) для свайго ўзросту жанчына ўнікальная. У 89 гадоў яна чытае без акуляраў (кажа, што зрок да яе вярнуўся), а таксама мае выдатную памяць: кабета ў дэталях з указаннем дня і года можа ўзгадаць любую падзею са свайго жыцця...

У бабы Лёні, як і ў большасці іншых парафіянаў, сваё адмысловае маўленне — сумесь беларускай, украінскай і рускай моваў. Але слухаць такую гаворку адно задавальненне. Вельмі часта на гэтай «сумесі» кабеты спяваюць і касцёльныя песні.

...Па дарозе на Грушаўку, што ляжыць збоку ад гасцінца, неўзабаве мы запрыкмецілі касулю. Бясстрашная жывёла ледзьве не выбегла на бальшак. Калі верыць старажылам, разам з іншымі асобінамі касуля прыйшла з «зоны» і амаль зусім не баіцца людзей...

А вось і Грушаўка. Яшчэ на пад’ездзе да касцёла ксёндз спыняе ход аўтамабіля ля купкі дзяцей.

— Пахвалёны Езус Хрыстус! Хто хоча атрымаць новы «Вадаграй» (украінскі рэлігійны часопіс для дзяцей — аўт.), прыходзьце да касцёла (па-змоўніцку падміргвае святар).

Мы заходзім у святыню, і дзясяткі цікаўных вачэй пачынаюць сцішана за намі сачыць. І калі да пробашча з бабай Лёняй цікавасць хутка згасла, то на мяне — новага чалавека — уладальніцы квяцістых хустак азіраліся яшчэ хвіліны дзве. Было бачна: новыя людзі тут рэдкасць.

Парафія ў Грушаўцы — адна з першых зарэгістраваных парафій на Гомельшчыне ў пач. 90-х. Грушаўчане ганарацца тым, што, доўгі час не маючы пастаяннага святара і святыні, яны змаглі захаваць сваю веру.

«Помню, як ў вёсцы мы пачалі збіраць подпісы за тое, каб нам выдзелілі святара, — узгадвае парафіянка Ганна Маліноўская. — Спачатку толькі 12 чалавек падпісалася. Мала. Я схадзіла яшчэ раз, папрасіла людзей. Назбіралі ў выніку 60 подпісаў.  Адаслалі ў раён, прасілі, каб нам хоць на Вялікдзень якога святара каб далі.

Ага, «далі». Ад мяне пачынаюць адразаць соткі, мне не даюць сена, мне не даюць больш нічога... У маёй каровы «раптам» псуецца тлуснасць малака: прыходзіць кантроль і правярае маю карову, здзекуецца: як так, чаму ў каровы такое дрэннае малако, ты ж нібыта такая веруючая?.. А пазней за збіранне подпісаў мяне нават судзілі.


Але мы не падалі духам. Увесь час, пакуль не было касцёла, мы маліліся па хатах. Завешвалі вокны коўдрамі, замыкалі дзверы і маліліся».

Ганна Маліноўская і сёння памятае тую радасную дату — 25 снежня 1989 года, калі зарэгістравалі іх парафію. Кабета з захапленнем узгадвае, як праз пэўны час у складзе дэлегацыі ад парафіі яна паехала віншаваць з біскупскім пасвячэннем кс. Тадэвуша Кандрусевіча.

«Падышла да Кандрусевіча і кажу: мы — дзеці з Гомельскага краю, з Чарнобыля. Дзеці-сіроты, бо не маем ніводнай святыні. Просім, не пакідайце нас адных — і на ўсіх святароў паказваю рукой. У той жа год да нас у вёску пачаў прыязджаць святар».

Пра чарнобыльскі свет у жыцці вёскі кабета згадвае наступнае:

«На другі-трэці дзень пасля аварыі мы палолі на полі буракі. Акурат ішоў дождж. Нехта тады прынёс навіну: людзі з сусведніх вёсак ўцякаюць з-за Чарнобыля. Што такое Чарнобыль, мы не ведалі. Праз суткі да нас прывязлі па тры-па чатыры сям’і. У маім доме тры сям’і жылі. Яны пражылі ў нас, можа, месяц. А пасля іх забралі і павезлі кудысьці далей. І толькі пасля нам расказалі, што адбылося на Чарнобылі і чаму гэта можа быць шкодна...». 

Парафія ў Ельску: збіраемся ўжо гадоў пятнаццаць

Ельск — раённы цэнтр па суседству з Нароўляй. Касцёла ў ім яшчэ няма, працы над уладкаваннем капліцы яшчэ не скончаны, таму набажэнствы праводзяцца пакуль проста ў хаце каго-небудзь з парафіянаў.

«Звычайна хаты чаргуюць: гэтую нядзелю моляцца ў аднаго, іншую нядзелю — у другога, — расказваюць парафіянкі з Ельска. — З таго часу, калі была адпраўлена першая «хатняя Імша», мінула ўжо каля пятнаццаці гадоў».

Белы абрус, засланы на стале, святая вада ў стакане, запаленыя свечкі...

Кс. Вікенція тут, відаць, чакаюць больш за астатнія парафіі. Хвалююцца: ці прыедзе?


З сабою на Імшу ў Ельск святар бярэ ўсё неабходнае: літургічныя шаты, лекцыянарый, Гостыю. «Хоць пакуль парафіян, якія прымаюць удзел у Імшы, не так і шмат, я не магу не прыязджаць сюды, — расказвае кс. Вікенцій. Людзі чакаюць святара, бо маюць патрэбу ў споведзі і святой Камуніі, таму я не магу ўзяць і не прыехаць».

***
Ксёндз Вікенцій Сяўрук (або проста ксёндз Вінцэнт) пробашчам Нароўлі працуе ўжо шосты год. Перад гэтым ён, выпускнік Гродзенскай духоўнай семінарыі, толькі год папрацаваў вікарыем у Новай Мышы...

На маё пытанне, ці не баіцца святар працаваць у рэгіёне з павышаным узроўнем радыяцыі, кс. Вінцэнт адказвае, што ўжо даўно перастаў аб гэтым задумвацца.

«Куды больш страшным сёння з’яўляецца Чарнобыль духоўны», — заключае святар.

Ілья Лапато OCDS, Мінск — Нароўля

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.