Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Свята талентаў» у грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі
Грэка-Каталіцкая Царква
23.09.2013 14:14
22 верасня ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску адбылася незвычайная моладзевая  сустрэча. Моладзь часта збіраецца тут, але гэтым разам айцец Антон Нікалаеў CSsR арганізаваў сапраўднае «свята моладзевых талентаў». Прычым на сустрэчы была як царкоўная, так і нецаркоўная моладзь.
 
Сустрэча распачалася літургіяй, пасля якой адбыўся канцэрт хрысціянскай музыкі. Першым выступіў гурт «ТНР», які выканаў як папулярныя хрысціянскія песні ў сваёй апрацоўцы, так і творы, аўтарам якіх з’яўляецца салістка гурта Маргарыта Дарожка.
 
Затым са сваім сведчаннем да слухачоў звярнуўся Аляксандр Красоўскі, які таксама выканаў некалькі песень. Завяршыў канцэрт гурт «Laudans», які прадставіў кампазіцыі на вершы кс. Яна Твардоўскага і некалькі кампазіцый з новага рэпертуару.
 
Пасля невялікага перапынку, падчас якога можна было пазнаёміцца паміж сабой і падсілкавацца, пачалася танцавальная частка.
 
Хлопцы-танцоры здзіўлялі прысутных выкананнем брэйкдансу —  Jollier, Арчы, Чафі і адзін з найлепшых танцораў СНД — «Open Space» з наймацнейшай каманды Беларусі Hunters Crew (пад канец вечара завітаў яшчэ адзін удзельнік гэтай легендарнай каманды Evil Mice, і яны разам парадавалі публіку цікавымі апавяданнямі пра падарожжы на спаборніцтвы па брэйкдансе ў многія краіны свету).
 
Быў прадстаўлены танец popping, які танчылі маладыя танцоры Jazz і Kamikadze, а таксама 2 танцоры з іменем Павал, якія ўжо не першы год займаюцца поппінгам. Разам з танцорамі выступіў хрысціянскі рэпер Alexio.
 
Завяршылася свята вогненным прадстаўленнем (фаер-шоу).
 
Напрыканцы а. Антон сказаў: «Спадзяюся, што гэта стала для нецаркоўнай моладзі сведчаннем, што Царква блізка да моладзі, што можна цікава і крэатыўна адпачываць і праслаўляць Бога талентамі — музыкай і танцам, як цар Давід». Мы перакананыя, што так усё і атрымалася.
 
Вераніка Лугіна
 


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.