Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Касцёл просіць вас, каб вы глыбока жылі сваёй верай»: арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў грэка-католікаў у Баранавічах
Грэка-Каталіцкая Царква
27.10.2013 20:46

27 кастрычніка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў грэка-каталіцкую парафію Святых Кірыла і Мятода ў Баранавічах. Прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў Боскую Літургію, у якой напрыканцы Года веры былі ўзгаданы вялікія сведкі веры, і звярнуўся да ўдзельнікаў малітоўнага ўспаміну з гаміліяй.

Арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці прывітаў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да прысутных, прызнаўся, што для яго вялікая радасць быць у гэтай святыні, названай у гонар Апосталаў славян — святых Кірыла і Мятода, і сустрэць тут вернікаў, сабраных з усіх куткоў Беларусі, каб адзначаць гэты малітоўны ўспамін. Арцыбіскуп перадаў удзельнікам літургіі благаслаўленне Папы Францішка, з якім сустрэўся нядаўна, а таксама сказаў, што Пантыфік вельмі добра праінфармаваны аб сітуацыі Касцёла ў Беларусі і імкнецца зразумець беларускую рэчаіснасць.

Нагадваючы пра словы літургіі гэтага дня, арцыбіскуп засяродзіў увагу на тэме веры. «Вера – рэчаіснасць настолькі асабістая і інтымная, што, чым больш мы пра яе гаворым, тым больш адчуваем неадпаведнасць нашай мовы таму, каб яе выразіць», — адзначыў Апостальскі Нунцый, дадаўшы, што «вера – не нейкі спіс правілаў, якія трэба ведаць», а «любоў, якую трэба прыняць». «Гэта любоў Божая, або сам Бог, які ёсць Любоў, які просіць нас прыняць Яго, — патлумачыў арцыбіскуп. — Бог просіць нас прыняць Яго, нават ведаючы, што мы слабыя і грэшныя. У іншым выпадку Бога немагчыма было б назваць багатым міласэрнасцю». Міласэрнасць жа – гэта, па словах прадстаўніка Папы, разуменне, што той, хто стаіць насупраць цябе, не варты тваёй міласэрнасці, але ты дорыш яму яе; міласэрнасць азначае сэрца, якое спачувае, якое адкрытае.

Менавіта гэта, як дадаў арцыбіскуп, святкавалася ў Год веры; усё ж астатняе, што рабіў у гэты час Касцёл, – гэта былі «нашы намаганні адказаць на любоў, якую мы атрымліваем».

Арцыбіскуп падкрэсліў, што «вера – гэта жывы досвед Хрыста». У Евангеллі, як нагадаў прадстаўнік Папы, Езус кажа дакрануцца да ран у Яго руках і нагах. Іерарх звярнуў увагу, што ў гэтых ранах, а не ў кнігах ці розных меркаваннях, схаваны першы сакрамэнт Касцёла.

Як адзначыў Апостальскі Нунцый, мы верым, і святы Павел нагадвае пра тое, што Хрыстус – «не толькі ўвасабленне Бога; Хрыстус – гэта таксама містычнае цела Касцёла». Гэтае містычнае цела «складаецца з розных членаў, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго і разам утвараюць адзіны Касцёл». І тут, па словах арцыбіскупа, незвычайная заслуга святых Кірыла і Мятода: «адна частка гэтага цела Хрыста не мела голасу» – гэта былі славянскія народы, і трэба было «даць голас таксама і гэтай частцы Касцёла, навучыць яе гаварыць і спяваць хвалебныя песні».

Пасля іх, працягваў Апостальскі Нунцый, у гісторыі былі розныя людзі, «якія давалі голас гэтай частцы Касцёла». «Таксама на гэтай зямлі вы, грэка-католікі, вядомыя тым, што вашы карані ляжаць глыбока ў беларускай культуры, — звярнуўся арцыбіскуп да прадстаўнікоў Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, — і шмат хто шануе гэтую вашу моцную беларускую ідэнтычнасць». Як падкрэсліў іерарх, гэта гонар Каталіцкага Касцёла — тое, што хтосьці сур’ёзна падышоў да гэтай часткі Касцёла, якой Кірыл і Мятод далі голас. «Ваша любоў да культуры гэтага народа не меншая, чым тая, якую да яе мелі Апосталы славян Кірыл і Мятод», — адзначыў арцыбіскуп, дадаўшы, што тут ёсць «штосьці большае, чым нацыяналізм або шавінізм»: «любіць гэтую культуру і клапаціцца пра яе азначае клапаціцца пра Хрыстовае цела, уцелаўлёнае ў гэтай культуры».

Адчуванне сябе моцна звязаным з культурай дадзенага народа вынікае, па словах прадстаўніка Святога Айца, з хрысціянскай веры.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што беларускі народ — цела Хрыста, якое шукае голасу і шмат стагоддзяў спрабуе знайсці гэты голас. Іерарх дадаў, што было шмат тых, хто хацеў растлумачыць народу, які гэты голас, але ўсе яны былі далёка ад народа, і кожны з іх лічыў, што менавіта яго голас – той, які трэба даць гэтаму народу, і менавіта гэтым голасам народ павінен гаварыць.

«Ці ў той момант, калі народ аглядаецца направа і налева, каб знайсці сваю ідэнтычнасць, гэта не з’яўляецца вашым, асабліва вам давераным заданнем дапамагчы ў гэтым?» — паставіў пытанне прадстаўнік Папы, звяртаючыся да грэка-католікаў.

Нагадваючы пра сведкаў веры, Апостальскі Нунцый адзначыў, што тыя сталі мучанікамі ў гэтым працэсе пошуку ўласнай тоеснасці, і былі часы, калі вера стала праблемай палітычнай. Але вера, па словах іерарха, ніколі не можа быць перашкодай для палітыкі, а «дапамагае ў тым, каб палітыка стала больш справядлівай і больш уважлівай».

«Касцёл просіць вас, каб вы глыбока жылі сваёй верай, каб адчувалі сябе часткай Хрыстовага цела, — сказаў арцыбіскуп грэка-католікам. — Вы павінны адчуваць гэтую веру, каб гэтая жывая вера дала вам моц, цярплівасць і вытрымку ў нясенні яе іншым». «Тая частка Касцёла, якая яшчэ не навучылася жыць свядомасцю ўласнай мовы, павінна ў вас узяць гэты імпульс, каб магчы спакойна глядзець іншым у вочы, — дадаў прадстаўнік Святога Айца. — Увесь Касцёл просіць вас мець удзел у гэтай місіі». Гэтая місія, як адзначыў іерарх, «святая настолькі, наколькі яна вынікае з патрэбаў веры»; калі ж гэтая місія рэалізуецца, «Касцёл адчуе, што таксама і тут б’ецца яго сэрца, таму што тут б’ецца сэрца беларусаў».

У малітоўным успаміне, які праходзіў у баранавіцкай грэка-каталіцкай парафіі напрыканцы Года веры, былі ўзгаданы ў малітве вялікія сведкі веры, пачынаючы ад святых Кірыла і Мятода да постацяў ХХ стагоддзя, а таксама вернікі, якія сталі ахвярамі нацыстаў на Берасцейшчыне ў 1942–1943 гг. (з нагоды 70-годдзя іх мучаніцкай смерці).

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.