Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вене архімандрыт Сяргей Гаек прыняў удзел у днях успаміну мучаніцтва св. Язафата і мучанікаў Усходніх Цэркваў
Грэка-Каталіцкая Царква
11.11.2013 10:52

Па благаслаўленні кардынала Крыстафа Шонбарна, Мітрапаліта Венскага, які з’яўляецца іерархам-ардынарыем для католікаў візантыйскага абраду (грэка-католікаў) у Аўстрыі, 9-10 лістапада ў Вене прайшлі дні ўспаміну мучаніцтва св. Язафата Кунцэвіча, арцыбіскупа Полацкага, з нагоды 390-годдзя яго мучаніцкай смерці, а таксама мучанікаў Усходніх Цэркваў (каталіцкіх і праваслаўных).

Канферэнцыю ўзначаліў кардынал Крыстаф Шонбарн у прысутнасці прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынала Леанарда Сандры і Апостальскага Нунцыя ў Аўстрыі арцыбіскупа Пятра Цурбрыгена.

З нагоды 75-годдзя “Крыштальнай ночы” (9 лістапада 1938 г.), якая пачала “Шоах” яўрэяў у Еўропе (у гэтую ноч толькі ў Вене было спалена 24 з 25 сінагогаў), у разважанні і малітве ўдзельнікі ўзгадалі таксама ахвяраў нацысцкага генацыду яўрэяў.

9 лістапада ў Венскім універсітэце прайшла Міжнародная  гістарычна-багаслоўская канферэнцыя пад назвай “Што значыць сёння быць хрысціянінам?”, суарганізатарамі якой былі Міжнародны Багаслоўскі Інстытут (ІТІ) у Трумаў (Аўстрыя) і Украінскі Каталіцкі ўніверсітэт у Львове.

У канферэнцыі ўдзельнічалі 13 грэка-каталіцкіх  іерархаў з Аўстрыі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Румыніі, Венгрыі, Славакіі, Украіны і Беларусі. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў архімандрыт Сяргей Гаек. Удзельнікі канферэнцыі (амаль 100 чалавек) прыбылі з 18 краін Еўропы, ЗША і Канады.

Падчас канферэнцыі яшчэ раз быў асэнсаваны мучаніцкі подзвіг святамучаніка Язафата, арцыбіскупа Полацкага, а таксама мучанікаў Усходніх Цэркваў у Еўропе (грэка-каталіцкіх і праваслаўных), у перыяд ганенняў вернікаў розных канфесій з боку камуністычнага і нацысцкага рэжымаў. У святле гэтага ж подзвігу ўдзельнікі разважалі над выклікамі, якія сёння стаяць перад хрысціянамі ў Еўропе і ў іншых краінах свету. Быў узгаданы драматычны пераслед хрысціянаў на Блізкім Усходзе, асабліва ў Сірыі.

Увечары ў суботу пасля навуковай канферэнцыі ў венскім катэдральным саборы св. дыякана Сцяпана была адслужана архірэйская Боская Літургія, якую ўзначаліў грэка-каталіцкі Мітрапаліт Львоўскі Ігар Возняк у саслуженні грэка-каталіцкіх святароў візантыйскага абраду (украінцаў, румынаў, венграў, славакаў, мельхітаў), якія нясуць душпастырскае служэнне ў Аўстрыі, і замежных гасцей.

Катэдральны сабор быў напоўнены вернікамі Усходніх Цэркваў і рыма-католікамі. Прысутнічалі таксама грэка-каталіцкія пілігрымы з венгерскага марыйнага санктуарыя Марыяпоўч.  

10 лістапада ў Венскім цэнтральным грэка-каталіцкім храме св. велікамучаніцы Барбары Мітрапаліт Ігар Возняк узначаліў Боскую Літургію ў саслужэнні украінскіх біскупаў Багдана Дзюраха і Глеба Ланчыны, архімандрыта Сяргея Гаека і венскіх душпастыраў для ўкраінцаў.

У гэтай святыні ў 1913-1949 гг. захоўваліся мошчы св. Язафата, якія пасля былі перавезены ў Рым.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.