Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія грэка-каталіцкія пілігрымы прыбываюць у Рым
Грэка-Каталіцкая Царква
23.11.2013 15:26

З благаслаўлення Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці арганізавана пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым на ўрачыстасці закрыцця Года веры, а таксама з нагоды 390-годдзя мучаніцкай смерці св. Язафата (1623) i 50-годдзя пакладання яго рэліквій у базыліцы св. Пятра (1963).

Першая група пілігрымаў, якую духоўна апякаюць протапрэзбітэр-дэкан Андрэй Абламейка, віцэ-дэкан Аляксандр Шаўцоў і айцец рэдэмптарыст Зміцер Чарнель, адправілася ў Рым на аўтобусе некалькі дзён таму і на сваім шляху наведала санктуарый Найсвяцейшай Багародзіцы на Яснай Гары ў Чэнстахове і храм св. Барбары ў Вене, дзе пэўны час захоўваліся мошчы святамучаніка Язафата Кунцэвіча, арцыбіскупа Полацкага.

Іншая група пілігрымаў, якую духоўна апякае протапрэзбітэр Яўген Усошын, адправілася 23 лістапада на самалёце з Вільні, дзе малілася перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай і ў грэка-каталіцкім храме Святой Тройцы, пры якім свой манаскі подзвіг пачынаў святамучанік Язафат.

23 лістапада пілігрымы ў розных групах прыбываюць у Рым, каб у нядзелю ўдзельнічаць у святой Імшы, якую Папа Францішак будзе цэлебраваць на завяршэнне Года веры на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

25 лістапада беларускія грэка-каталіцкія пілігрымы (з Беларусі і замежжа) будуць удзельнічаць у Боскай Літургіі, якую ў базыліцы св. Пятра ўзначаліць Вярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук (Украінская Грэка-Каталіцкая Царква) у саслужэнні іерархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, сярод якіх знаходзіцца і архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

Пасля пілігрымы ушануюць рэліквіі святамучаніка Язафата, што захоўваюцца ў алтары св. Васіля Вялікага, а таксама будуць маліцца перад іконай Маці Божай Жыровіцкай у рымскім храме святых Сяргея і Вакха.

На паваротным шляху пілігрымы наведаюць Венецыю і Велеград, месцы, звязаныя з місійнай дзейнасцю святых Кірыла і Мятода, Настаўнікаў славянаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.