Літургія з паніхідай і вечар духоўнай паэзіі з нагоды 40-га дня пасля смерці Рыгора Барадуліна прайшлі ў Мінску |
Грэка-Каталіцкая Царква
|
12.04.2014 11:35 |
11 красавіка ў капліцы душпастырскага цэнтра грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску была адслужана Літургія і паніхіда за супакой душы Рыгора Барадуліна з нагоды 40-га дня пасля смерці. Затым грэка-каталіцкі Клуб інтэлігенцыі імя св. Кірылы Тураўскага запрасіў удзельнікаў на вечар духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна.
Літургію ўзначаліў дэкан Цэнтральнага протапрэзбітэрату а. Яўген Усошын. Падчас яе было зачытана слова Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, які ў гэты час удзельнічае ў днях духоўнага ўспаміну Рыгора Барадуліна, што праходзяць у некаторых еўрапейскіх гарадах.
“Перад Панам хочам у гэты вечар яшчэ раз асэнсаваць духоўную спадчыну Рыгора ды сведчанне ягонага жыцця. Хочам прыняць гэтую спадчыну як запавет, у якім ён вучыць усіх людзей добрай волі любові да Бога, да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры”, – напісаў архімандрыт Сяргей Гаек.
На пачатку вечара духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна было зачытана слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на Імшу развітання з паэтам. “Дарагія беларусы, любіце вашых мастакоў - вялікіх і шматлікіх. Яны вучаць вас уздымаць свае вочы ўгору, да Бога надзеі, да жыватворнага сонца, якое ззяе ў вашым вечна прывабным небе, абуджаючы ў вас сілы да штодзённага ўваскрасення”, – напісаў, у прыватнасці, Апостальскі Нунцый.
Прагучала песня ў выкананні маладога спевака на словы Рыгора Барадуліна ў гонар Папы Яна Паўла ІІ “Вяльмуе Бог выбраннікаў сваіх”.
У другой частцы вечара, якую ўзначаліў Барыс Пятровіч, беларускія пісменнікі і іншыя прысутныя зачыталі вершы Рыгора Барадуліна. Вечар духоўнай паэзіі завяршыўся памінальнай куццёй. Сустрэча дала ўдзельнікам чарговую нагоду асэнсаваць каштоўнасць і актуальнасць спадчыны народнага паэта Беларусі. Паводле svjazep.org
(AG)
|