12 чэрвеня, у свята Хрыста, Найвышэйшага Святара, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры прыняў на аўдыенцыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.
Кардынал, якога беларускія грэка-католікі ўзгадваюць у Літургіі як свайго архіпастыра, павіншаваў беларускіх грэка-каталіцкіх святароў са святам і выказаў ім удзячнасць за ахвярнае пастырскае служэнне, асабліва ў складаных абставінах.
Кардынал прасіў архімандрыта Сяргея Гаека перадаць беларускім грэка-каталіцкім святарам словы ягонай асаблівай архіпастырскай блізкасці, духоўнай салідарнасці і падтрымкі.
Архімандрыт Сяргей Гаек, у сваю чаргу, прасіў прэфекта кангрэгацыі перадаць падзяку Папу Францішку за духоўнае настаўленне на працягу апошніх тыдняў, у якім Пантыфік асабліва заахвочвае святароў да вернасці Касцёлу, касцёльнай традыцыі і дысцыпліне, а таксама заклікае да мужнасці, адвагі, духоўнага аптымізму ў абвяшчэнні “Евангелля радасці”.
Таксама Апостальскі візітатар падзякаваў кардыналу Леанарда Сандры і ўсёй Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, у юрысдыкцыі якой знаходзіцца Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі, за пастаянную падтрымку служэння беларускіх грэка-каталіцкіх святароў.
Свята Хрыста, Найвышэйшага Святара, было ўстаноўлена Святым Пасадам у 2012 годзе і адзначаецца ў чацвер пасля Пяцідзясятніцы. Упершыню яно святкавалася 23 мая 2013 г. У некаторых краінах, а таксама манаскіх супольнасцях, гэтае свята адзначаецца ўжо на працягу многіх гадоў і было пашырана на ўвесь Каталіцкі Касцёл Папам Бэнэдыктам XVI напрыканцы яго Пантыфікату. Яно падкрэслівае важнасць святасці жыцця духавенства і заахвочвае да малітвы аб пакліканнях да святарства. (AG)
|