Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Грэка-католікі з Бэтлеема маліліся за хрысціянаў Беларусі
Грэка-Каталіцкая Царква
23.06.2014 14:18

22 чэрвеня ў парафіяльным храме грэка-каталіцкай мельхіцкай парафіі Найсвяцейшай Багародзіцы (грэка-католікаў на Блізкім Усходзе называюць мелхітамі) ў Бэтлееме, удзельнікі Літургіі маліліся за хрысціянаў Беларусі.

Літургію ўзначалілі пробашч парафіі эканомас-протаіерэй Абуна Якуб Абу Сада і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

 

У малітве ўдзельнічала група мясцовых арабскіх хрысціянаў грэка-католікаў і праваслаўных (паміж якімі ў Святой Зямлі добрыя адносіны), а таксама пілігрымы са Швейцарыі,якіх суправаджаў а. праф. Людавік Набель з Багаслоўскага Факультэта ў Фрыбургу, і французскія манахіні Супольнасці Малых Сёстраў Ісуса.

Літургічным спевам на арабскай мове кіраваў д-р Чарлі Абу Сада, які добра ведае Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, і які шмат гадоў удзельнічае ў працэсе прымірэння паміж хрысціянамі.

Пасля Літургіі, за кубкам арабскай кавы ішла размова пра ўдзел хрысціянаў, яўрэяў і мусульманаў у малітве і справе міру ў Святой Зямлі.

Размова праходзіла у грэка-каталіцкім парафіяльным цэнтры, недалёка ад плошчы каля Базылікі Нараджэння, дзе некалькі тыдняў таму служыў Святую Імшу Яго Святасць Папа Францішак. (На гэтай Імшы Евангелле спяваў Абуна Якуб).

На развітанне Абуна Якуб прасіў удзельнікаў аб малітве за мір у Святой Зямлі, за хрысціянаў з Бэтлеема, а для архімандрыта Сяргея Гаека перадаў пажаданні плённага супольнага сведчання Евангелля для ўсіх хрысціянаў Беларусі.

Паводле svjazep.org, (AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.