Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Полацку адбыліся ўрачыстасці завяршэння ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі «Віцебск – Полацк 2014»
Грэка-Каталіцкая Царква
14.07.2014 12:53

13 ліпеня 2014 г. у Полацку пры грэка-каталіцкім храме св. Параскевы Полацкай адбыліся ўрачыстасці завяршэння ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк. Акрамя сотні пілігрымаў, якія прайшлі пешшу шлях з Віцебска ў Полацк, у нядзелю на свята прыбылі групы вернікаў з Мінска, Баранавіч, Івацэвіч.

Святочную ютрань у храме св. Параскевы Полацкай узначаліў а. Андрэй Буйніч. Боская Літургія была адслужана на плошчы каля храма, які не змог змясціць усіх вернікаў.

Літургію ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні святароў, якія прадстаўлялі ўсе тры грэка-каталіцкія протапрэзбітэраты (дэканаты) – усходні, цэнтральны і заходні. Архімандрыт яшчэ раз працытаваў скіраваныя да пілігрымаў словы Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці: “Жадаю вам мужнасці і адвагі на шляху пілігрымкі і на шляху вашага жыцця!”

Апостальскі візітатар падкрэсліў, што мужнасць і адвага патрэбныя не толькі на працягу 4 дзён пілігрымкі, але і на шляху ўсяго нармальнага хрысціянскага жыцця, а нармальнае хрысціянскае жыццё - гэта жыццё паводле нормы, якой ёсць Евангелле Хрыста.

“Сёння нам патрэбная адвага жыць паводле поўнага Евангелля і не паддавацца спакусам капрызна выбіраць з Евангелля толькі тое, што нам падабаецца, - адзначыў архімандрыт - Вялікія іерархі нашай Царквы, якіх узгадваем у гэтым годзе – благаслаўлёны святамучанік Уладыка Мікалай Чарнецкі і Уладыка Чэслаў Сіповіч, 100-гадовы юбілей нараджэння якога адзначаем сёлета, - застаюцца для нас светлымі прыкладамі мужнасці і адважнага сведчання Евангелля”.

Паводле svjazep.org

Фота svjazep.org

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.