Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пульс хрысціянскай Беларусі: успаміны ўдзельніка пілігрымкі Віцебск – Полацк
Грэка-Каталіцкая Царква
12.08.2014 16:18

З 9 па 13 ліпеня 2014 г. праходзіла юбілейная ХХ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк. Пілігрымы ішлі традыцыйным шляхам — ад месца забойства ў Віцебску грэка-каталіцкага  архіепіскапа Полацкага святамучаніка Язафата да месца забойства пяці манахаў базыльянаў у Полацку. Сваімі ўспамінамі пра пілігрымку падзяліўся адзін з яе ўдзельнікаў:

У гэтым годзе ізноў сабраўся ў штогадовую грэка-каталіцкую пілігрымку з Віцебска ў Полацк. Ліпеньская, спякотная, сяброўска-сямейная... І сёлета не абмінулі думкі-пытанні да самога сябе – навошта ісці, навошта стамляцца і што ўвогуле азначае пілігрымаваць?

Пілігрымаваць – значыць ісці з мэтай. З малітвай і спевам на вуснах і сваёй асабістай просьбай у сэрцы, якую нясеш Пану. Пачынаецца ўсё радасна і першыя крокі даюцца з лёгкасцю, але чым далей, тым больш высілкаў ад цябе патрабуецца. І з кожным наступным крокам ты мацней разумееш – ці вартая твая мэта, каб дзеля яе стаптваць ногі, націраць каторы ўжо мазоль, аблівацца потам у спёку ці ісці прамочаным дажджом. Ці вартая твая мэта, каб дзеля яе цярпець, а тым больш любіць бліжняга, хаця ты сам такі стомлены. Пад нагамі плавіцца асфальт, і ў рэшце рэшт мэтай становіцца проста дайсці, данесці сваю просьбу.

Спеў пачынаецца і затухае. Вялікая частка спеву скіравана да Багародзіцы – Яна становіцца апякункай пілігрымаў. Сама ж Яна вандравала ў Егіпет з мужам Юзафам і сынам Езусам пад сэрцам, таму хто, як не Яна, ведае, што такое цяжкасці ў дарозе і як гэтыя цяжкасці перанесці з надзеяй і простай упэўненасцю ў апецы Найвышэйшага. “Найсвяцейшая Багародзіца, маліся за нас…”

Малітва ранішняя і вячэрняя, Езусава малітва і Ружанец, і, як вянец малітоўнага дня, – Боская Літургія. Літургія – гэта крыніца духоўнай моцы, крыніца спазнання і прыняцця міласэрнасці. Кожны раз тут адбываецца тое, што першы раз адбылося на Апошняй Вячэры, – Пан прыходзіць пад выглядам хлеба і віна. Малітва дапамагае, калі ўжо нічога не дапамагае.

Прайшлі больш за 100 кіламетраў за 4 дні, начавалі ў спартыўных залах у школах, елі канапкі на абед, паабгаралі і стапталі ногі, прыйшлі змучаныя, але шчаслівыя. Шчаслівыя, што і на гэты раз дайшлі, данеслі свае просьбы. Шчаслівыя, бо, ідучы разам, славілі Пана ў месцах, дзе аб Ім, можа, і не памятаюць. Шчаслівыя, бо пілігрымка – гэта толькі пачатак, тонкі намёк на нябесныя рэчы.

Сяргей Раюнец

Відэа пра пілігрымку:


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.