Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дапаможны біскуп Прэшаўскай архіепархіі Мілан Лях: «Я глыбока салідарны з Грэка-Каталіцкай Царквой у Беларусі»
Грэка-Каталіцкая Царква
25.09.2014 14:23

31 жніўня ў Друі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. Ва ўрачыстасцях прымаў удзел і дапаможны біскуп Прэшаўскай архіепархіі (Славакія) Мілан Лях. Прадстаўляем інтэрв’ю svjazep.org з грэка-каталіцкім іерархам.

— Дастойны Уладыка! Амаль месяц таму Вы наведалі Беларусь, і Вы самі кажаце, што гэта быў «візіт духоўнай салідарнасці» з хрысціянамі Беларусі.

— У Беларусь я прыбыў, каб засведчыць духоўную салідарнасць славацкіх грэка-католікаў з грэка-католікамі Беларусі. Літургічным выразам гэтай салідарнасці быў мой удзел у святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Я вельмі ўдзячны ўладам Рэспублікі Беларусь, якія паспрыялі, каб я змог хутка атрымаць уязную візу. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады з разуменнем ставяцца да патрэбаў вернікаў розных канфесій. За некалькі дзён майго візіту ў Беларусь я змог убачыць багацце яе культурнай спадчыны, у тым ліку адноўленыя храмы, і духоўнае багацце вернікаў розных канфесій, якія ўмеюць супрацоўнічаць на карысць краіны.

— Уладыка, Вы сказалі таксама, што гэты візіт быў для Вас пілігрымкай.

— Так, гэта была сапраўды пілігрымка для мяне. Я змог наведаць некаторыя святыя месцы. Перш за ўсё, гэта малітва ў Пінску за супакой душаў грэка-каталіцкіх вернікаў, якія сталіся ахвярамі нацысцкай карнай аперацыі 1942 г. на Палессі. Далей — малітва ў Мінску, горадзе, дзе мучаніцкую смерць ад рук нямецкіх нацыстаў прыняў Экзарх Антон Неманцэвіч.

Гэта была таксама малітва перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, перад якім на працягу стагоддзяў маліліся пакаленні вернікаў розных абрадаў і канфесій. І, нарэшце, малітва ў Друі – месцы, дзе атрымаў духоўную фармацыю біскуп Чэслаў Сіповіч. Вялікі духоўны след пакідае шчырая і глыбокая адданасць беларускіх хрысціянаў.

— Друя з’яўляецца не толькі месцам малітваў. У пэўным сэнсе, гэта калыска беларускай тэалогіі, месца, дзе працавалі беларускія (і беларускамоўныя) багасловы: архімандрыты Фабіян Абрантовіч і Андрэй Цікота, вядомы беларускі паэт і пісьменнік Язэп Германовіч і, нарэшце, біскуп Чэслаў Сіповіч.

— На самой справе, мы з радасцю адкрываем узгаданыя постаці і старыя духоўныя і культурныя сувязі паміж Беларуссю і краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. «Айцец Друі» — архімандрыт Андрэй Цікота — ужо ў 30-я гады мінулага стагоддзя прымаў актыўны ўдзел у працы Міжнароднага экуменічнага Кангрэса ў Велеградзе (у Чэхаславакіі). Біскуп Чэслаў Сіповіч падчас Другога Ватыканскага Сабору актыўна супрацоўнічаў са славацкім грэка-каталіцкім багасловам а. Міхалам Лацко.

— Напэўна, засталіся месцы ў Беларусі, куды Вы, Уладыка, хацелі б вярнуцца?


— Я, вядома, хацеў бы мець час на больш доўгі візіт у Полацк і наведаць Полацкі езуіцкі калегіум. Хацелася б таксама наведаць Баруны, дзе сваю вялікую і вядомую школу вялі айцы базыльяне.

— Падчас Вашай пілігрымкі Вы некалькі разоў казалі пра духоўны патэнцыял нашай Царквы.

— Сапраўды, вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял, бо вашыя папярэднікі шмат пацярпелі. З іншага боку, вы, як іх нашчадкі, на працягу апошніх 25 гадоў выпрацавалі розныя формы душпастырства. Гэта добры падмурак і важны патэнцыял для будучыні.

— Які вопыт Вы атрымалі ад Вашай пілігрымкі па Беларусі?

— З Беларусі я прывёз вельмі добрыя ўражанні і досвед. Я глыбока салідарны з Грэка-Каталіцкай Царквой у Беларусі, якая з нястомнай руплівасцю здзяйсняе сваё духоўнае і сацыяльнае служэнне. Радуюся разам з вамі, што гэтае заданне свабодна рэалізуецца моладдзю.

З духоўнай салідарнасцю суправаджаю вас усіх малітвай і жадаю, каб супольнасці вашай Царквы маглі ўзрастаць і каб духавенства і вернікі маглі даваць усё больш дынамічны адказ на складаныя маральныя праблемы сучаснай эпохі.

Божага вам усім благаслаўлення.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.