Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На Божае Нараджэнне Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі наведаў гомельскую парафію
Грэка-Каталіцкая Царква
27.12.2014 09:56

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек 25 снежня ўзначаліў святочную Імшу на Божае Нараджэнне ў гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці.

У гаміліі архімандрыт адзначыў: “Бог жыве з намі, жыве побач, а мы, можа быць, сёння больш занятыя шопінгам, асабліва ў гэтыя дні, калі грошы губляюць вартасць. Таму дзякую Госпаду за кожнага, хто прыйшоў сёння ў храм. Калі прыходзім на службу Божую, значыць, хочам служыць Богу, а не каб Ён нам служыў, і не толькі для таго, каб паставіць свечку. Хоць ставіць свечкі - таксама важна, гэта знак таго, што ты хочаш служыць Езусу Хрысту. І не толькі на Раство, але ўсё жыццё. Вядома, гэта няпроста. Але, як чытаем у Евангеллі, тым, хто прыняў Яго, дадзена сіла і ласка стаць дзецьмі Божымі. Мы ўсе сыны і дочкі Божыя, пытанне ў тым, ці жывём мы па гэтай годнасці”.

Таксама архімандрыт закрануў пытанне беларускай мовы ў гомельскім касцёле, нагадаўшы аб тым, што хутка будзе адзначацца 500-годдзе выдання Францішкам Скарынам Бібліі на беларускай мове.

“Чытайце Слова Божае на роднай мове, інакш хто гэта будзе рабіць акрамя нас? Гэта першы знак павагі да таго, што з прыходам Езуса Хрыста ўся культура атрымала новае вымярэнне. Пытанне Евангелля і культуры - гэта пакліканне кожнага хрысціяніна”, - адзначыў Апостальскі візітатар.

У той жа дзень архімандрыт Сяргей Гаек правёў Літургію на Божае Нараджэнне для невялікай суполкі гомельскіх грэка-католікаў, якія збіраюцца ў гомельскім касцёле кожную другую і чацвёртую нядзелю месяца.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.