Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шляхам Францішка Скарыны пад заступніцтвам святых Кірылы і Мятода: вырушыла грэка-каталіцкая пілігрымка на Еўрапейскую сустрэчу моладзі ў Празе
Грэка-Каталіцкая Царква
27.12.2014 17:47

Увечары 26 снежня адправілася ў дарогу грэка-каталіцкая пілігрымка ў Прагу (Чэхія) на 37-ю Еўрапейскую сустрэчу моладзі, арганізаваную экуменічнай супольнасцю Тэзэ (Taize).

Сустрэча пройдзе ў Празе з 29 снежня па 2 студзеня – на мяжы 2014 і 2015 гадоў, паміж святкаваннем Божага Нараджэння ў заходняй і ўсходняй традыцыі хрысціянства. Тэма сустрэчы, якая называецца “Пілігрымкай даверу”, - “Стаць соллю зямлі”.

У грэка-каталіцкай пілігрымцы ўдзельнічаюць маладыя грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя і хрысціяне пратэстанцкіх канфесій з розных мясцін Беларусі - ад Полацка і Віцебска праз Магілёў, Гомель і Мінск да Гродна і Брэста.

Духоўную апеку над пілігрымамі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек давярыў а. Аляксандру Шаўцову, настаяцелю грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку. На пілігрымскі шлях удзельнікаў благаславіў а. Аляксандр Шыбека, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску.

Шлях аўтобуснай пілігрымкі вядзе ад Полацка праз Кракаў у Прагу - гэта шлях Францішка Скарыны, таму пілігрымы будуць разважаць над яго жыццём і дзейнасцю. Першы прыпынак пілігрымкі - 27 снежня ў Кракаве, дзе ў 1504 г. Францішак Скарына паступіў у Кракаўскую Акадэмію.

Пілігрымка праязджае праз тэрыторыю місійнай дзейнасці Апосталаў славян - святых братоў Кірылы і Мятода: паўднёвую Польшчу, Славакію, Венгрыю і Чэхію. Таму нябеснымі заступнікамі пілігрымкі выбраны Салунскія браты Кірыла і Мятод, чый місійны подзвіг – абвяшчаць Евангелле славянам на іх мове - і падобная дзейнасць Францішка Скарыны – зрабіць Евангелле даступным нашым продкам на роднай мове - натхняюць маладых беларускіх пілігрымаў у дарозе ў Прагу.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.