Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі праходзяць Дні малітвы за хрысціян Блізкага Усходу
Грэка-Каталіцкая Царква
07.01.2015 14:47

У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі праходзяць Дні малітвы за хрысціян у Святой Зямлі і іншых краінах Блізкага Усходу, асабліва ў Сірыі і Іраку.

У Мінску адмысловыя малітвы праходзяць паводле наступнага раскладу:

5 студзеня – парафія Святога Духа,
6 студзеня – парафія Праведнага Язэпа і парафія Св. Мікалая Цудатворцы,
7 студзеня – парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Гэтая эстафета малітвы арганізавана ў адказ на заклік Папы Францішка, які ў лісце, апублікаваным 23 снежня 2014 г., “звяртаецца да Бога і заклікае ўсіх далучыцца да дапамогі, да малітвы і да ўсіх іншых ініцыятываў”.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў часы выпрабаванняў, праз якія на працягу апошніх гадоў вымушаныя праходзіць хрысціяне розных Цэркваў і традыцый у краінах Блізкага Усходу, з боку ўсіх хрысціян патрэбная малітоўная падтрымка і салідарнасць. Хрысціяне павінны адкрыць і асэнсаваць каштоўнасць “экуменізму крыві” братоў і сясцёр у краінах Блізкага Усходу – экуменізму, які вядзе да сапраўднай еднасці ў вызнаванні Хрыста.

Словы асаблівай блізкасці і духоўнай салідарнасці з боку беларускіх грэка-католікаў – асабліва ў час Божага Нараджэння і свята Хрышчэння Гасподняга – накіраваў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек пробашчу грэка-каталіцкай мельхіцкай парафіі Найсвяцейшай Багародзіцы ў Віфлееме протаіерэю Якубу Абу Саду. У гэтай парафіі 22 чэрвеня 2014 г. у час нацыянальнай беларускай пілігрымкі на Святую Зямлю ўдзельнікі Боскай Літургіі маліліся за хрысціян Беларусі.

У Рыме ў базыліцы Santa Maria in Cosmedin, пры якой знаходзіцца рымскае падвор’е мельхіцкага Патрыярха Антыяхійскага Грыгорыя ІІІ, 4 студзеня была арганізавана супольная малітва за мір у Сірыі, Іраку, Святой Зямлі. У малітве ўдзельнічалі хрысціяне розных Цэркваў з краін Блізкага Усходу і італьянскія вернікі.

Па запрашэнні архімандрыта Мтаніаса Гадада, кіраўніка падвор’я, у Боскай Літургіі ў мельхіцкім абрадзе ўдзельнічаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Дні малітвы за хрысціян у краінах Блізкага Усходу працягваюцца, кожны можа далучыцца і падтрымаць братоў і сясцёр – вучняў Хрыста, якія жывуць на Святой Зямлі, у Сірыі, Ліване, Іраку з апостальскіх часоў, і выказаць сваю салідарнасць.

Паводле svjazep.org

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.