25 гадоў аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця адзначаюць грэка-католікі Беларусі |
Грэка-Каталіцкая Царква |
23.02.2015 12:47 |
Пра гэта ў пастырскім слове на першую нядзелю Вялікага посту нагадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Асаблівай датай з’яўляецца 11 сакавіка — гадавіна беларускамоўнай службы ў Мінску Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа а. Аляксандра Надсана. Паводле слоў архімандрыта, дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Мінску Боскую літургію па-беларуску, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі: «На працягу гэтых 25 гадоў, дзякуючы нястомнай перакладчыцкай працы а. Аляксандра Надсана, мы атрымалі беларускамоўныя тэксты набажэнстваў візантыйскай традыцыі і можам шчодра карміцца духоўным багаццем нашай літургічнай спадчыны». Як дадае грэка-каталіцкі іерарх, «крыху больш за 25 гадоў таму — 12 лістапада 1989 года — група моладзі і інтэлігенцыі з Мінска прыехала ў Баруны, дзе тады ў былой базыльянскай святыні — яшчэ ў рыма-каталіцкай парафіі — нёс душпастырскае служэнне айцец Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазней ён ахрысціў шмат маладых людзей. Вось чаму мы лічым гэты дзень датай аднаўлення адкрытага, публічнага душпастырскага служэння нашай Царквы», — заключыў архімандрыт. а. Яўген Усошын |