Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў даслаў віншавальны ліст з нагоды 25-годдзя аднаўлення адкрытага душпастырства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
Грэка-Каталіцкая Царква
07.04.2015 10:12

На Вялікдзень прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры даслаў на рукі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека віншавальны ліст з нагоды 25-годдзя аднаўлення літургічнага жыцця і адкрытага душпастырства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

“Прашло 25 гадоў ад выхаду з падполля, у якім вы жылі падчас камуністычнага рэжыму, і ад аднаўлення літургічнага жыцця і адкрытай душпастырскай дзейнасці, чэрпаючы з крыніц глыбокай візантыйскай літургічнай традыцыі, якую пераклаў на беларускую мову працавіты і нястомны мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан”, - адзначае кардынал.

“Вы асаблівым чынам вылучаецеся сваёй здольнасцю злучыць абвяшчэнне Евангелля з пашырэннем беларускай духоўнай культуры, развіваючы такім чынам вашу каштоўную спадчыну і традыцыю.  Гэтыя каштоўнасці застаюцца для вас заўсёды актуальнымі і з’яўляюцца каштоўным скарбам асабліва перад выклікамі, якія штодзённа перaжываюць верныя вучні Хрыста, Укрыжаванага і Уваскрослага для нашага збаўлення”,  - гаворыцца ў віншаванні.

“Запэўніваем вас у нашай малітве і нашай духоўнай блізкасці і ад сэрца зычым вам, каб святая Пасха асвятляла ўсё жыццё вашай Царквы і ўсяляла моц, неабходную, каб жыць з новым дынамізмам сведчання і радасці Евангелля, каб прынесці яго таксама і тым, хто яго яшчэ не пазнаў ці ад яго адышоў”, - піша прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Паводле svjazep.org

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.