Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
Адышоў у вечнасць польскі марыянін, які дапамагаў беларускім грэка-католікам |
Грэка-Каталіцкая Царква
|
23.04.2015 10:20 |
20 красавіка ў Лондане на 51-м годзе жыцця раптоўна памёр польскі марыянін а. Пётр Смалінскі MIC, які шмат дапамагаў беларускім грэка-католікам. Прычынай раптоўнай смерці стаў сардэчны прыступ.
Айцец Пётр Смалінскі (1964-2015) паходзіў з Мендзыжэца Падляскага. У яго сямейным радаводзе былі таксама і ўніяты. Сёлета споўнілася 25 гадоў яго святарскага служэння, 31 год ён правёў у супольнасці марыянаў. У 1999 годзе а. Пётр Смалінскі стаў бірытуалістам і атрымаў ад Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў права служыць у візантыйскім абрадзе. У 2002-2005 гг. доктар філасофіі а. Пётр Смалінскі займаўся фармацыяй беларускіх грэка-каталіцкіх семінарыстаў, якія вучыліся ў рыма-каталіцкай семінарыі ў Драгічыне (Польшча). У 2006-2009 гг. нёс служэнне ў Генеральнай курыі айцоў марыянаў у Рыме ў якасці генеральнага архівіста, дзе займаўся беатыфікацыйным працэсам беларускіх марыянаў — архім. Фабіяна Абрантовіча і архім. Андрэя Цікоты. Таксама ў Сакратарыяце Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі ён адказваў за замежныя багаслоўскія студыі.
Апошнія 6 гадоў працаваў у польскай парафіі ў Лондане. Быў інтэлектуалам і эрудытам, займаўся даследаваннямі з гісторыі ранняга Касцёла. Адзін з былых выхаванцаў а. Пятра Смалінскага беларускі грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Буйніч адзначае: «Айцец Пётр казаў выключна добрыя гаміліі. Яны былі лаканічныя — каля 3-6 хвілін, але адначасова вельмі глыбокія. Абавязкова была цытата або нейкая спасылка на Айцоў Царквы. Дзякуй табе, айцец Пётр, што быў для нас сапраўдным настаўнікам — і словам, і прыкладам. Маліся за нас Госпаду».
Паводле carkva-gazeta.by (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.