Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Архімандрыт Сяргей Гаек пра пытанні сям’і: «На змены мы адкрытыя, але гэта не робіцца толькі ў рамках дэкларацыі»
Грэка-Каталіцкая Царква
04.06.2015 16:23

4 чэрвеня ў Празе пачынаецца Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы (Conventus hierarcharum orientalium catholicorum Europae - скарочана CHOCE) – маштабны форум з багатай гісторыяй. Сёлета ён 18-ты па ліку. Традыцыйна на сустрэчы збіраюцца больш за 40 прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў з 20 краін Старога Свету. У чэшскую сталіцу прыбыў і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Форум закране адразу некалькі пытанняў, але галоўнай стане тэма сям’і. Іерархі падзеляцца сведчаннямі і меркаваннямі аб становішчы спраў у гэтай галіне душпастырства ў мясцовых Цэрквах. Менавіта гэтая частка форума з’яўляецца важнай у кантэксце кастрычніцкага Сінода Біскупаў у Ватыкане, прысвечанага менавіта сям’і і сужэнству, падкрэсліў архімандрыт Сяргей Гаек. “Зразумела, што зараз для ўсіх памесных Цэркваў і для Паўсюднага Касцёла пытанні сям’і перад Сінодам вельмі актуальныя. Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў - вядома, платформа для абмеркавання, дыскусіі і абмену інфармацыяй па сітуацыі з сям’ёй у розных краінах, бо яна вельмі розная. Звычайна на сустрэчы выпрацоўваецца паведамленне, якое прадстаўляе пэўную праблему. Я лічу, што ў Празе таксама акрамя паведамлення распрацуюць рапарт па пытаннях сям’і, які потым будзе напраўлены ў сакратарыят Сінода як матэрыялы для падрыхтоўкі біскупскай асамблеі”, - адзначыў Апостальскі візітатар.   

Хоць сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы мае характар пляцоўкі для дыскусій, яна заўсёды добрая магчымасць данесці ідэі і пазіцыі па актуальных праблемах сучаснасці.

Напрыклад, на папярэдняй сесіі Сінода Біскупаў у 2014 г. было паднята пытанне аб тым, што рабіць з разведзенымі, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы, пры гэтым па-за форумам гучалі таксама тэзы аб пераняцці Каталіцкім Касцёлам практыкі Праваслаўных Цэркваў: у прыватнасці, у частцы спрашчэння кананічнай працэдуры дэкларавання несапраўднасці сужэнства і, у выніку, магчымасці прыняцця святой Камуніі гэтай катэгорыяй вернікаў. Гэтыя пытанні вельмі далікатныя, бо тычацца самога сэнсу хрысціянскай веры.

Думкі і пазіцыі тады, год таму, былі кардынальна розныя. Але менавіта прадстаўнікам Грэка-Каталіцкай Царквы ў гэтай справе ёсць шмат чаго сказаць, лічыць архімандрыт Сяргей Гаек. “Сапраўды, для нас гэта вельмі важныя пытанні, бо ў нашай невялікай Царкве шмат змешаных сужэнстваў: ён грэка-католік, яна праваслаўная. Пры гэтым для яго гэта ўжо другі шлюб і вянчаліся яны ў свой час у Праваслаўнай Царкве. І вось пытанне: ці прычашчаць іх, калі ён спавядаецца ў сябе? Калісьці, гадоў 10 таму, мы ўжо гаварылі аб гэтым, але ў больш літургічным аспекце. Сёння мы павінны вырашаць гэта з практычнага боку. Вядома, што Сінод Біскупаў не збіраецца змяняць кананічнага права, але ён можа ўзняць практычныя пытанні. Трэба сказаць, што Дэкрэт аб Усходніх Цэрквах кажа, што калі праваслаўны прыходзіць да прычасця, нават калі вянчаўся ў Праваслаўнай Царкве, мы не павінны яму адмовіць. Мы падыходзім да гэтага з боку душпастырскага служэння. На змены мы адкрытыя, але, вядома, гэта не робіцца толькі ў рамках дэкларацыі біскупаў”, - выказаў думку кіраўнік беларускіх грэка-католікаў.    

У Прагу ў гэтыя дні прыбывае і вялікая грэка-каталіцкая пілігрымка з Беларусі, каб у юбілейны для святых Кірыла і Мятода год ушанаваць месцы, звязаныя са спадчынай першаасветнікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.