Пачалася ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк |
Грэка-Каталіцкая Царква |
07.07.2015 15:29 |
7 ліпеня раніцай пачалася ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк. Боскую Літургію ў грэка-каталіцкім храме Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску ўзначаліў протапрэзбітэр Усходняга дэканата а. Зміцер Грышан у саслужэнні а. Аляксандра Шаўцова з Полацка і а. Андрэя Крата з Гродна. На шлях пілігрымкі выйшла з Віцебска больш за 40 чалавек. Наступныя пілігрымы далучацца ўжо па дарозе. ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк упісваецца ў святкаванне 1200-годдзя ад нараджэння святога Мятода Салунскага. Таму святыя Салунскія Браты Кірыл і Мятод, Настаўнікі славянаў, абраны апекунамі гэтай пілігрымкі. Пад іх апекай пілігрымы пройдуць традыцыйны шлях духоўнага подзвігу за пяць дзён: ад аўторка да суботы. Дэвіз пілігрымкі - “Люблю прыказанні Твае, Госпадзе!" (Пс 119, 159), яна будзе нагодай глыбей асэнсаваць Божыя запаведзі. Гэтай тэме будуць прысвечаны штодзённыя катэхезы. Відэа з пілігрымкі Віцебск-Полацк у 2014 годзе
І этап: 7 ліпеня: Віцебск – Заронава, вечарам катэхеза а. Алеся Шыбекі (запаведзі І-ІІ-ІІІ); ІІ этап: 8 ліпеня: Заронава - Шуміліна, 17.00 - Боская Літургія (узначальвае архімандрыт Сяргей Гаек) і катэхеза “X прыказанняў і VIII блаславенстваў”; ІІІ этап: 9 ліпеня: Шуміліна - Обаль, 08.00 - Боская Літургія і катэхеза а. Андрэя ОМІ, па дарозе катэхеза а. Зміцера Чарнеля CSsR (запаведзі IV і V); IV этап: 10 ліпеня: Обаль - Гараны, 08.00 - Боская Літургія і катэхеза а. Васіля Ягорава (запаведзі VI і IX); V этап: 11 ліпеня: Гараны - Струнне – Полацк, 08.00 - Боская Літургія і катэхеза а. Андрэя Крата (запаведзі VII, VIII i X), 12.00 - малітва ля крыжа ў Струнні і катэхеза а. Андрэя Абламейкі, 17.30 - прывітанне пілігрымаў ля храма св. Параскевы Полацкай, 20.00 - святочная вячэрня. Нядзеля – 12 ліпеня ў Полацку ля грэка-каталіцкага храма св. Параскевы Полацкай: Ютрань у 9.00 Боская Літургія ў 10.30. * * * Тэлефоны для кантактаў: а. Зміцер (29) 675 29 97 Velcom; Андрэй (29) 88 99 550 МТС. А. Яўген Усошын, прэс-служба Апостальскага візітатара БГКЦ (АлГ) |