Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Полацкія грэка-католікі зладзілі мастацкі пленэр у памяць мастака Яна Хруцкага
Грэка-Каталіцкая Царква
20.08.2015 15:03

Полацкая грэка-каталіцкая парафія Св. Язафата 10-16 жніўня правяла мастацкі пленэр у памяць вядомага мастака Яна Хруцкага. Ініцыятыва і ідэя хрысціянскага братэрскага пленэру для мастакоў нарадзілася каля паўгода таму пасля размовы Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і мастака з Мінска Змітра Мшара.

Непасрэднымі арганізатарамі пленэру ў Полацку сталі старшыня мясцовай грэка-каталіцкай парафіі мастак Андрэй Піскун і Зміцер Мшар, які з'яўляецца вернікам адной з грэка-каталіцкіх парафій у Мінску. Полацкая парафія і яе душпастыр а. Аляксандр Шаўцоў забяспечылі мастакам пражыванне і брацкі стол.

Каля дзясятка мастакоў на працягу тыдня не толькі малявалі храмы і краявіды старажытнага Полацка, але і наведалі родныя мясціны славутага беларускага мастака ХІХ стагоддзя Яна (Івана) Хруцкага, які паходзіў з сям’і ўніяцкага святара і сваім жыццём звязаны з Полацкім краем.


Ян Хруцкі. Партрэт мітрапаліта Язафата Булгака, 1838.

Лічыцца, што Ян Хруцкі нарадзіўся 8 лютага (27 студзеня паводле юліянскага календара) 1810 года ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні. Праўда, на думку даследчыка святарскіх родаў Дзяніса Лісейчыкава, месцам нараджэння будучага мастака з'яўляецца в. Усая (сёння — Ушацкі р-н Віцебскай вобл.), дзе служыў святаром яго бацька. У Полацкім ліцэі піяраў на факультэце вольных мастацтваў Ян Хруцкі атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю. Затым паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Ян (Іван) Хруцкі набыў вядомасць як аўтар выдатных нацюрмортаў, якія зрабіліся класікай беларускага і еўрапейскага мастацтва. За свае творы мастак неаднаразова атрымліваў медалі Акадэміі мастацтваў і розныя ўзнагароды. У 1839 годзе Ян Хруцкі стаў акадэмікам Акадэміі мастацтваў.
 
Вядома, што бацька мастака святар Тамаш Хруцкі пацярпеў за веру і нават быў зняволены. Сярод 52 святарскіх подпісаў пад адной з найбольш смелых адозваў у абарону Уніі, «Исповеданием Веры Греко-униатской Церкви», якая датуецца 1838 годам, сустракаюцца подпісы трох Хруцкіх, у тым ліку і бацькі мастака — святара царквы ў в. Усая Лепельскага павета. Тое, што мастак меў дачыненне да вядомага ўніяцкага святарскага роду, знайшло адлюстраванне ў многіх творах Яна Хруцкага. Асабліва шмат напісаў ён партрэтаў духавенства. Шырока вядомы намаляваны ім партрэт апошняга ўніяцкага мітрапаліта Язафата Булгака (1838 г.). Таксама мастак Ян Хруцкі пісаў іконы, краявіды Вільні.

Праца падчас пленэру мастакоў.

У 1839 годзе, пасля смерці бацькі, ён назаўсёды пакінуў Пецярбург і вярнуўся на радзіму. У 1844 годзе Ян Хруцкі набыў маёнтак Захарнічы каля Полацка, дзе паводле ўласнага праекту пабудаваў дом і заклаў сад. Там ён жыў і працаваў да сваёй смерці ў 1885 годзе. Пахаваны мастак на могілках у Захарнічах.
 
10 жніўня 2015 года Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары БГКЦ а. Аляксандр Шаўцоў, а. Зміцер Грышан і дыякан Вячаслаў Гарчакоў разам з мастакамі — удзельнікамі пленэру — ушанавалі памяць славутага мастака Яна Хруцкага ў Захарнічах, за 20 км ад Полацка.
 
Экскурсію ў родныя мясціны славутага мастака правёў полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч з мясцовай грэка-каталіцкай парафіі. Ён распавёў пра жыццё і творчасць Яна Хруцкага, пра ягоных братоў — Яўстаха і Андрэя Хруцкіх, якія таксама былі мастакамі, і ўвесь гэты старажытны шляхецкі ўніяцкі святарскі род, жыццё і дзейнасць практычна ўсіх прадстаўнікоў якога праходзілі на тэрыторыі Полацкай уніяцкай епархіі.
 
На мясцовых могілках, дзе пахаваны таксама сваякі мастака Яна Хруцкага, архімандрыт Сяргей Гаек адслужыў паніхіду за душу славутага мастака і яго блізкіх.

Архімандрыт Сяргей Гаек, святары і ўдзельнікі пленэру каля магілы Яна Хруцкага.

Падчас пленэру ў Полацку мастакам давялося працаваць у няпростых умовах: увесь час стаяла спёка, а перад заканчэннем пленэру выдалася моцная залева.

Бліжэй да канца пленэру да ўдзельнікаў далучыўся вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Ён прывёз адну з сваіх прац з выявай св. Язафата, якую пачаў пісаць яшчэ раней. У Полацку ён дапісаў яе і падараваў грэка-каталіцкай парафіі Св. Язафата.

Наогул падчас пленэру было створана каля паўтара дзясятка мастацкіх твораў, некаторыя са сваіх працаў мастакі пакінуць у падарунак полацкай парафіі.

Фота а. Аляксандра Шаўцова. Беларуская грэка-каталіцкая газета "Царква".

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.