Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэлегацыя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы пабывала ля рэліквій св. Язафата ў Ватыкане
Грэка-Каталіцкая Царква
12.11.2015 15:15

12 лістапада дэлегацыя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прыняла ўдзел ва ўрачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ў свята св. Язафата, біскупа і мучаніка. Літургію ўзначаліў пры алтары, дзе змешчаны рэліквіі святога, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Кірыл Васіль.

Іерарх асаблівым чынам прывітаў групу грэка-каталіцкіх вернікаў з Беларусі і нагадаў, што «50 гадоў таму, падчас Другога Ватыканскага Сабору, рашэннем святога Яна ХХІІІ у базыліцы св. Пятра былі складзены парэшткі святога Язафата, які на беларускай зямлі, у Віцебску, прыняў вянец мучаніцтва». Арцыбіскуп дадаў, што ўдзел ва ўрачыстасці прымаў таксама беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, 100-годдзе нараджэння якога адзначалася ў мінулым годзе.

«Жадаю перадаць дар нашай братэрскай малітвы і словы нашай духоўнай салідарнасці для ўсіх вернікаў Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы. Няхай у Юбілейны Год Міласэрнасці праз малітвы свяшчэннамучаніка Язафата Пан адорыць шчодра вас усіх шматлікімі ласкамі. Няхай дае вам дар мужна і плённа абвяшчаць Евангелле радасці і міласэрнасці», — сказаў арцыбіскуп Кірыл Васіль на беларускай мове.



Святы Язафат загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску ў 1623 г. Яго рэліквіі, знойдзеныя ў 1916 г. у Белай Падляскай, былі перавезены ў Вену, а потым у базыліку св. Пятра ў Ватыкане, дзе і захоўваюцца зараз.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

Фота беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.