Вернікі полацкай грэка-каталіцкай парафіі Св. Язафата Кунцэвіча адзначылі парафіяльнае свята |
Грэка-Каталіцкая Царква |
13.11.2015 12:12 |
392-годдзе з дня мучаніцкай смерці св. Язафата, арцыбіскупа Полацкага – 12 лістапада – з’яўляецца парафіяльным святам для грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку. Сёлета святкаванне адбывалася 8 лістапада. Такім чынам полацкая парафія пачала тыдзень малітвы, які мае чарговыя «стацыі» ў Рыме і ў Віцебску – 12 лістапада, у Вільні – 14 лістапада, а ва ўсіх парафіях у Беларусі – 15 лістапада.Пачалося святкаванне, як звычайна, напярэдадні вячэрняй з ліццяй. У гэтым годзе ўзначаліў яе архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, у саслужэнні настаяцеля парафіі а. Аляксандра Шаўцова. У суботу на вячэрні, а таксама ў нядзелю па ютрані і Боскай Літургіі спяваў міжпарафіяльны хор «Прасфара» з Мінска. Боскую Літургію 8 лістапада ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні а. Аляксандра Шаўцова і дыякана Аляксея Варанко. Пасля Літургіі прывітальныя словы да ўдзельнікаў скіравалі архімандрыт Сяргей Гаек, а. Аляксандр Шаўцоў, вернікі Арцём Сітнікаў з Івацэвічаў (ад Заходняга дэканату БГКЦ) і Багдан Сунак з Віцебска (ад Усходняга дэканату БГКЦ). Затым у ніжняй царкоўнай зале адбылася святочная братэрская агапа, падрыхтаваная вернікамі парафіі, падчас якой парафіяне і госці маглі паглядзець выставу прац мастакоў з духоўнага пленеру, які адбыўся ў полацкай парафіі ў жніўні і быў прысвечаны мастаку Яну Хруцкаму, сыну ўніяцкага святара. Пасля пачастунку хор «Прасфара» і Арцём Сітнікаў зладзілі невялікі сяброўскі канцэрт народных і бардаўскіх спеваў. (MV) |