Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Езус нарадзіўся: як сустракалі Раство вернікі грэка-каталіцкіх парафій Мінска
Грэка-Каталіцкая Царква
29.12.2015 15:58

Падчас святаў Божага Нараджэння святы і праведны Язэп аказаў шчодрую гасціну ў грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры ў Мінску па вуліцы Арджанікідзэ, 6.

Спачатку 20 і 21 снежня тут прайшлі перадкалядныя рэкалекцыі, якія для вернікаў дзвюх мінскіх грэка-каталіцкіх парафій — Праведнага Язэпа і Святога Мікалая Цудатворца — праводзіў а. Аляксандр Шаўцоў з Полацка.

24 снежня ў капліцы цэнтра праведнага Язэпа адбылася ўрачыстая Вячэрня з Літургіяй св. Васіля Вялікага, якую служыў а. Аляксандр Шыбека — душпастыр абедзвюх парафій. Падчас яе вернікі сабраліся ў чаканні надыходу вялікага свята Божай Міласэрнасці — Нараджэння Езуса Хрыста.

Разам са старазапаветнымі прарокамі падчас Вячэрні вернікі ўзнеслі малітвы да Бога, які абвясціў людзям вялікую радасць аб нараджэнні Дзіцяці. Пасля заканчэння Боскай Літургіі вернікі падзяліліся каляднай прасфорай і працягнулі святкаванне ў братэрскай супольнасці за вігілійным сталом.

25 снежня адбылася святочная Боская Літургія Раства Хрыстовага, пасля якой вернікі сустрэліся на каляднай праграме для дзяцей.

Падчас гэтай праграмы дзеці адправіліся на пошукі маленькага Езуса разам з Марыяй і Юзафам, а напрыканцы атрымалі падарункі. Святкаванне Раства Хрыстовага працягнулася 26 снежня на Боскай Літургіі, у дзень свята Сабору Найсвяцейшай Багародзіцы.

Урачыстым фіналам была нядзеля 27 снежня, калі ў візантыйскай літургійнай традыцыі адзначаецца свята Праведнага Язэпа.

Боскую Літургію ў гэты святочны дзень узначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні адміністратара парафіі Праведнага Язэпа а. Аляксандра Шыбекі. У гаміліі архімандрыт гаварыў пра моц малітвы, што яднала Сям’ю Езуса, Дзевы Марыі і Юзафа і якая таксама сёння павінна стаць падмуркам для духоўнага жыцця хрысціянскіх сем’яў.

На Літургіі спяваў міжпарафіяльны хор «Прасфара». Пасля Літургіі ўдзельнікі свята сустрэліся на братэрскай Агапе за святочным сталом, а хор «Прасфара» суправаджаў свята спевам калядак.

А. Аляксандр Шыбека,(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.