Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Міжнародны семінар, прысвечаны мучаніцкаму подзвігу архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, прайшоў у Рыме
Грэка-Каталіцкая Царква
04.01.2016 12:36

2 студзеня споўнілася 70 гадоў з часу мучаніцкай смерці Слугі Божага архімандрыта Фабіяна Абрантовіча. З гэтай нагоды ў Рыме быў арганізаваны Міжнародны кансультацыйны семінар, прысвечаны служэнню і мучаніцкай смерці гэтага вялікага беларускага іерарха.

Архімандрыта Фабіян Абрантовіч пасля служэння ў якасці Апостальскага адміністратара Усходняй місіі ў Харбіне (Маньчжурыя) у 1939 г., на пачатку ІІ Сусветнай вайны, быў арыштаваны савецкімі органамі на польска-ўкраінскім памежжы і пасля доўгага следства ў Львове і Маскве пакінуты ў маскоўскай турме Бутыркі, дзе памер 2 студзеня 1946 г. Рэабілітаваны ў 1992 г.

Семінар пачаўся 30 снежня малебнам у візантыйскай капліцы ў Генеральным доме Ордэну марыянаў, дзе знаходзіцца фрэска Слугі Божага архімандрыта Фабіяна. У тым жа Генеральным доме праходзілі кансультыцыі, студыйныя сустрэчы і архіўныя даследаванні.

Ганаровы патранат над семінарам прыняў і актыўна ўдзельнічаў у працах семінара генеральны суперыёр Кангрэгацыі айцоў марыянаў а. д-р Андрэй Пакула. Каардынавалі працы семінара Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Кірыл Міронаў з Санкт-Пецярбурга.

У семінары ў рознай форме (у тым ліку пры дапамозе электроннай сувязі) удзельнічалі багасловы, кананісты і гісторыкі з Беларусі, Бразіліі, Італіі, Польшчы, Расіі, Латвіі, Украіны, ЗША, Канады.

Каштоўнай базай для асэнсавання праблематыкі і для дыскусіі былі прысвечаныя архімандрыту Фабіяну працы а. Андрэя Крата з Гродна.

Міжнародная група ўдзельнікаў семінара выказала ўдзячнасць Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за тое, што ён у 2003 г. пачаў у Маскве беатыфікацыйны працес новамучанікаў (якія прынялі мучаніцкі подзвіг на тэрыторыі СССР), сярод якіх знаходзіцца і Слуга Божы архімандрыт Фабіян Абрантовіч.

Семінар скончыўся ў нядзелю, 3 студзеня, Боскай Літургіяй у храме Папскай калегіі “Russicum”, у якім калісьці маліўся архімандрыт Фабіян Абрантовіч.

Паводле svjazep.org

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.