110 гадоў з дня нараджэння а. Тамаша Падзявы адзначаюць грэка-католікі Беларусі |
Грэка-Каталіцкая Царква |
08.02.2016 13:03 |
Айцец Тамаш Падзява — выхаванец Друйскай гімназіі айцоў марыянаў, доктар філасофіі, багаслоў, душпастыр у Каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Харбіне, вязень сталінскіх лагероў, душпастыр беларусаў у Польшчы і Вялікабрытаніі, супрацоўнік часопіса «Божым шляхам» і беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Пасля заканчэння пачатковай школы Тамаш паступіў у ювенат айцоў марыянаў у Друі, адначасова наведваў заняткі ў мясцовай гімназіі. У 1926 годзе ўступіў у супольнасць айцоў марыянаў, а годам пазней склаў свае першыя манаскія абяцанні. У 1929 г. настаяцелі накіравалі яго на вучобу ў Рым, дзе, будучы ў Папскай калегіі «Русікум», наведваў лекцыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. У 1931 г. атрымаў ступень доктара філасофіі, у 1935 г. — ступень ліцэнцыята тэалогіі. У 1934 годзе манах Тамаш атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў візантыйска-славянскім абрадзе з рук біскупа Мікалая Чарнецкага CSsR, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі, Падляшша і Валыні. Праца ў Харбіне і арышт за «шпіянаж на карысць Ватыкана» Улетку 1935 г. іераманах Тамаш вярнуўся ў Друю, але пасля кароткага прабывання там быў накіраваны на працу ва Усходнюю Каталіцкую Місію ў Харбіне (сярод рускіх у Маньчжурыі). Айцец Тамаш выконваў там абавязкі выхавацеля моладзі, выкладчыка рэлігіі і некаторых іншых прадметаў у мужчынскім ліцэі святога Мікалая, якім кіравалі айцы марыяне, а таксама ў дзвюх жаночых сярэдніх школах, якімі апекаваліся манахіні. Супрацоўнічаў таксама з рэдакцыяй часопіса «Католическій Вестник», які там выдаваўся. У манаскай супольнасці марыянаў у 1937/1938 гадах выконваў абавязкі настаўніка навіцыяў. Калі ўладу ў Маньчжурыі ўзялі кітайскія камуністы, яны вырашылі ліквідаваць царкоўную каталіцкую адукацыю. 22 снежня 1948 г. паліцыя акружыла будынак місіі, а затым арыштавала ўсіх святароў: архімандрыта Андрэя Цікоту, а. Язэпа Германовіча і а. Тамаша Падзяву і, перавозячы іх да савецкай мяжы, перадалі ў рукі НКУС. Праз два дні яны былі апынуліся ў турме ў сібірскім горадзе Чыце. Следства доўжылася некалькі месяцаў, і паводле намеру следчых гэта павінна было прывесці да страты веры, разумовай і фізічнай вычарпанасці. Допыты трывалі шмат гадзін, без ежы і адпачынку. У канцы мая 1949 года святарам былі абвешчаны прысуды: арганізацыя тэрарыстычнай групы ў кіраванай імі школе, падбухторванне супраць Савецкага Саюза і шпіянаж на карысць Ватыкана. Праца ў Варшаве і Рыме У верасні таго ж года яны былі асуджаны на 25 гадоў прымусовых працаў у сібірскіх лагерах. Айца Тамаша вывезлі праз Іркуцк і Тайшэт у Брацк. У лагеры ён пакутаваў ад мышачнай дыстрафіі і малярыі. Яму дапамагала генеральная настаяцельніца сясцёр эўхарыстак с. Апалонія Пяткун, якая дасылала яму з Беларусі харчовыя перадачы, і яго родная сястра, якая дасылала грошы. З 1953 года а. Тамаш прабываў у Омску, а годам пазней яго перавезлі ў Чурбай-Нюра. Ён працаваў на лесапавале і будаўніцтве. У 1955 годзе «народны суд» вызваліў яго са зняволення, якое працягвалася ў цэлым 6 гадоў, 8 месяцаў і 9 дзён. Як грамадзянін Польшчы, айцец Тамаш быў дастаўлены да польскай мяжы. У канцы верасня 1955 г. ён прыбыў у г. Грудзёндз, дзе жыла яго сястра. Цэлы год ён прабываў там у кляштары марыянаў. У верасні 1956 года яго накіравалі ў Гетжвальд, дзе размяшчалася неафіцыйная семінарыя для марыянскіх семінарыстаў, выселеных камуністычнымі ўладамі з Варшавы-Беляны. Айцец Тамаш Падзява выкладаў у семінарыі ў Гетжвальдзе этыку, тэадыцэю і лацінскую мову. Там жа айцец Тамаш сустрэў маладога семінарыста Рышарда Пентку (будучага архімандрыта Рамана), які вывучаў у яго літургію і ўсходнюю духоўнасць. Праз год айцец Тамаш пасяліўся ў Варшаве і працягваў служыць семінарыстам як выкладчык філасофіі ў манаскай семінарыі, а ў 1965-1969 гг. быў духоўным настаўнікам марыянскіх семінарыстаў ва Улацлаўку. У 1967-1969 гг. з яго духоўнай апекі і фармацыі ў галіне ўсходняга багаслоўя і беларускай рэлігійнай культуры карыстаўся семінарыст Ян Гаек (цяпер Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек). У час Другога Ватыканскага Сабору і ў паслясаборны перыяд айцец Тамаш Падзява стаў вядомы як руплівы прапагандыст ведаў пра Усходнія Цэрквы і актыўны экуменічны дзеяч. У 1969 г. айцец Тамаш прыехаў на некалькі месяцаў у Рым, дзе ўдзельнічаў у генеральнай капітуле супольнасці марыянаў, а затым адправіўся ў Лондан, дзе пасяліўся ў «Marian House» — сядзібе Беларускай Каталіцкай Місіі. Ён выконваў там душпастырскую працу, супрацоўнічаў з часопісам «Божым шляхам», размяшчаючы ў ім уласную серыю катэхез, а таксама з беларускай секцыяй Ватыканскага радыё. Памёр а. Тамаш ад сардэчнага прыступу ў 1975 г. у Лондане і быў пахаваны на могілках святога Панкрата ў Паўночным Лондане.
|