Вуглавы камень першай у гісторыі беларускай грэка-каталіцкай царквы замежжа асвечаны ў Лондане |
Грэка-Каталіцкая Царква |
08.02.2016 13:43 |
7 лютага ў Лондане быў асвечаны вуглавы камень царквы святога Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народа. Святыня будзе пабудавана з дрэва, і гэта будзе першая драўляная царква ў горадзе з часоў вялікага лонданскага пажару 1666 года і першая ў гісторыі беларуская грэка-каталіцкая царква за межамі Беларусі. Камень для святыні прывезлі з Друі — з касцёла Святой Тройцы, у якім у першай палове ХХ стагоддзя пачыналася служэнне многіх рэлігійных дзеячаў, што дасягнула свайго плёну за мяжой. Удзельнічалі ва ўрачыстасці Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Антоніо Меніні, кіраўнік Украінскай каталіцкай епархіі Святой Сям’і ў Лондане Глеб Ланчына, а таксама іншыя святары, якія служаць у Англіі. Царква святога Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народа — мемарыял ахвярам атамнай катастрофы 1986 года ў Чарнобылі. Яна паўстане побач з Марыян Хаўзам — будынкам, з якога пачыналася гісторыя місіі ў 1946 г., насупраць Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Аўтар праекта — малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со, які з’яўляецца грэка-католікам і цікавіцца беларускай архітэктурай. Аляксандр Гелагаеў |