Беларускія грэка-католікі моляцца аб добрым плёне гістарычнай сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла |
Грэка-Каталіцкая Царква
|
16.02.2016 13:28 |
«Хочам надалей мужна працягваць малітву аб добрым плёне сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла — праз заступніцтва супольных святых — Апосталаў славянаў Кірыла і Мятода і пад іхняй апекай дзейнічаць не як супернікі, а як браты», — адзначыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Архімандрыт прамовіў гэтыя словы 13 лютага ў Мінску на семінары, прысвечаным ушанаванню святых Кірыла і Мятода. Пра гэта паведамляе прэс-служба Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
Як адзначаюць у прэс-службе, праз подпісы першаіерархаў Папы Францішка і Патрыярха Кірыла тэкст дэкларацыі, падпісанай у Гаване, атрымлівае найвышэйшае значэнне, а абдымкі іерархаў — гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысце. Прысвечаны адносінам грэка-католікаў і праваслаўных вернікаў асобны пункт дэкларацыі, як адзначаюць у прэс-службе, нагадвае адаптацыю тэкста дэкларацыі з Баламанд у Ліване, прынятай у 1993 годзе Міжнароднай камісіяй тэалагічнага дыялогу Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.
«Тэкст быў візіраваны святаром Маскоўскага Патрыярхату, але ў выніку так і не быў прыняты іерархамі Рускай Праваслаўнай Царквы», — дадаюць у прэс-службе.
«Беларускія грэка-каталіцкія душпастыры моляцца аб магчымасці атрымаць згодна з тэкстам Дэкларацыі «ўсё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў» і гатовыя ў прымірэнні шукаць прымальных формаў узаемнага суіснавання з праваслаўнымі братамі і сёстрамі — на славу Божую і для дабра супольнай Бацькаўшчыны», — адзначылі ў прэс-службе Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
(IL)
|