Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек знаходзіцца ў Рыме, дзе прымае ўдзел у Еўрапейскім апостальскім кангрэсе Божай Міласэрнасці. Форум, які пачаўся 31 сакавіка, працягнецца да 4 красавіка.
Кангрэс называецца «апостальскі» — гэта азначае, што ён адносіцца да апостальства — розных формаў душпастырства.
2 красавіка ў кангрэсе прыме ўдзел Папа Францішак. Пантыфік будзе прысутнічаць на малітоўным чуванні з нагоды чарговай гадавіны смерці св. Яна Паўла ІІ, а на наступны дзень, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, узначаліць Эўхарыстыю на галоўнай ватыканскай плошчы.
На заканчэнне першага дня кангрэсу святую Імшу ў рымскім касцёле св. Андрэя (на плошчы Дэла-Вале) узначаліў кардынал Крыстаф Шонбарн. Імшу канцэлебравалі кардынал Аўдрыс Бачкіс (арцыбіскуп Вільнюскі на пенсіі) і іншыя пяць іерархаў, у тым ліку архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама 50 святароў з розных краін.
Сваімі сведчаннямі аб «абліччах міласэрнасці» падзеляцца прадстаўнікі розных краін Еўропы: Іспаніі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Літвы, Чэхіі, Румыні.
Ідэя Кангрэсаў Божай Міласэрнасці нарадзілася пасля смерці св. Яна Паўла ІІ сярод яго паплечнікаў-кардыналаў: Станіслава Дзівіша, Аўдрыса Бачкіса, Луіса Антоніо Тагле і Жана-Луі Тарана. Форумы праходзяць на міжнародным, кантынентальным і нацыянальным узроўнях з 2008 года.
(IL)
|