Грэка-каталіцкая парафія Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладзечне адсвяткавала 25-годдзе свайго існавання |
Грэка-Каталіцкая Царква |
05.04.2016 10:45 |
У нядзелю Божай Міласэрнасці па візантыйскім календары грэка-католікі Маладзечна адзначылі парафіяльнае свята Хрыста Чалавекалюбцы. У гэтым годзе ў межах парафіяльнага свята 3 красавіка парафія ў Маладзечне адначасова адсвяткавала 25-годдзе свайго існавання. Свята сабрала ў парафіяльнай капліцы вернікаў і гасцей з розных гарадоў Беларусі. Боскую Літургію служылі айцец Андрэй Крот з Гродна, айцец Яўген Усошын, протапрэзбітар Цэнтральнага дэканату БГКЦ, і айцец Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. Службу суправаджаў спевам міжпарафіяльны хор з Мінска «Прасфара». На заканчэнне Літургіі перад іконай Хрыста Чалавекалюбцы была зачытана Малітва за Беларусь. Сваё благаслаўленне з нагоды юбілею парафіі перадаў святарам і вернікам прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры. Маладзечна знаходзіцца недалёка ад месца нараджэння благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, таму ў рамках свята традыцыйна ўшаноўваецца памяць гэтага сведкі Божай Міласэрнасці. Першы грэка-каталіцкі малебен у Маладзечне адбыўся летам 1991 г. ля капліцы на зруйнаваных могілках (першапачаткова ўніяцкіх) на вул. Пушкіна (цяпер Гарадоцкая), яго правёў дыякан Андрэй Абламейка. На гэтым жа месцы 25 снежня 1991 г. адбыўся малебен за беларускі народ, які адслужыў айцец Ян Матусевіч. Першую Святую Літургію а. Матусевіч адслужыў 9 лютага 1992 г. у канферэнц-зале гарадской бібліятэкі імя Н.К. Крупскай (цяпер М. Багдановіча). У розныя часы грэка-каталіцкія вернікі Маладзечна маліліся ў розных памяшканнях: канферэнц-зале гарадской бібліятэкі, малой зале музычнага вучылішча (цяпер музычны каледж імя М.К. Агінскага), складскім будынку Маладзечанскага гарвыканкама. З 1998 г. парафія збіраецца ва ўласнай капліцы на вул. Віленскай, 44. Гэты малы храм з’яўляецца для грэка-католікаў месцам асаблівага ўшанавання Хрыста Чалавекалюбцы. А. Яўген Усошын, прэс-служба Апостальскага візітатара БГКЦ (АлГ) |