Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папу Францішку падараваны дыск «Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага» на беларускай мове
Грэка-Каталіцкая Царква
22.05.2016 12:24

18 мая напрыканцы агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек падарыў Святому Айцу Францішку дыск «Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага» на беларускай мове.

«Гэта дар вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва моладзі, якія на роднай мове моляцца за Папу, за Каталіцкую Царкву і за сваю Бацькаўшчыну Беларусь, асабліва ў гэтыя дні», – сказаў архімандрыт Святому Айцу.
 
Папа Францішак перадаў сваё благаслаўленне беларускім грэка-католікам.



На дыску традыцыйныя напевы і творы кампазітара Міколы Равенскага, запісаныя паводле «Царкоўнага спеўніка» і «Спеваў Боскай Літургіі» пад рэдакцыяй Гая дэ Пікарда (1931-2007) — англійска-французскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры, абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка».

Спевы на дыску запісаў малы моладзёвы хор у складзе: Наста Казаровец (альт), Андрэй Гайдукевіч і Сяргей Раюнец (тэнары), Арцём Сітнікаў (бас, чытальнік); святарскія часткі ў выкананні а. Яўгена Усошына.

Праца над запісам дыска пачалася яшчэ пры жыцці а. Аляксандра Надсана. Пасля ягонай смерці працу над запісам падтрымаў а. Сяргей Стасевіч і ягоныя супрацоўнікі з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Лондане.
 
Над падрыхтоўкай рэпертуару, рэдагаваннем і нотавым запісам працаваў Сяргей Раюнец, запіс і выданне здзейсніла студыя Зміцера Папко (вядомага як Vinsent).

Паводле svjazep.org

Фота svjazep.org

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.