Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршэнне грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск-Полацк: Вы сведчыце пра тое, што Царква жыве!
Грэка-Каталіцкая Царква
17.07.2016 15:08

Урачыстая Боская Літургія ў Полацку на завяршэнне ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск-Полацк, на якую сабраліся грэка-католікі з усёй Беларусі, праходзіла перад храмам св. Параскевы Полацкай 17 ліпеня.

Большую частку прысутных вернікаў склалі ўдзельнікі пілігрымкі, якія ішлі пяць дзён і скончылі сваё падарожжа 16 ліпеня малітвай ля сцен полацкай Сафіі, астатнія прыехалі на наступны дзень уранку.

Казанне на Літургіі прамовіў айцец Андрэй Абламейка, душпастыр івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай.

«Хто адлучыць нас ад любові? Ніхто», — распачаў з біблейскага пытання святар.

Па словах а. Андрэя Абламейкі, важна той любоўю, якой чалавек адораны Богам, дзяліцца з іншымі, бо толькі паводле ўчынкаў любові пазнаюць хрысціянскую сутнасць, па тым, «як мы любім адзін аднаго».

«Мы можам выказваць сваю любоў адзін да аднаго, выказваць да кожнага грамадзяніна Беларусі. Бог дае нам магчымасць выказваць любоў да ўсяго беларускага народа», — сказаў святар.
Гэтая любоў, як было дададзена, можа рэалізоўвацца праз служэнне, праз Царкву, якая паклікана здзяйсняць гэтае служэнне праз сужэнцаў і праз святароў. «З сужэнцаў і святароў складаецца містычнае Цела Хрыста на зямлі», — падкрэсліў а. Абламейка.

Святар адзначыў, што любоў праяўляецца ў самаахвярнасці: «Зараз, калі мы для кагосьці, хто далёкі ад хрысціянства, учынім штосьці з ахвярай, адмовіўшыся ад уласнага задавальнення, можам здацца дзівакамі. Гэты чалавек можа нават палічыць нас крыху хворымі, але, магчыма, гэта будзе той першы момант, калі ён задумаецца пра Хрыста...»

Па словах святара, зараз, у час спажывецтва, калі свет патрабуе, як калісьці ў рымскім Калізеі, «хлеба і відовішчаў», хрысціяне павінны быць сведкамі іншага жыцця, якое яны пазналі праз Хрыста, і свет патрабуе сведчанняў хрыcціян.

Святар дадаў, што ў ХVI стагоддзі, калі адбылася унія, ідэі якой былі яшчэ значна раней, было бачна, што еднасць перамагла, і ў тыя часы, калі таксама існаваў пэўны крызіс у Каталіцкім Касцёле і Праваслаўнай Царкве, калі большасць шляхты ВКЛ прыняла кальвінізм, справа уніі была вялікім сведчаннем і крокам да Адраджэння.

Па словах а. Абламейкі, «нам таксама 25 гадоў таму выпала працаваць на хвалі адраджэння, як калісьці нашым продкам», з розніцаю ў тым, што адраджэнне ішло насуперак атэістычнай навале. «І на працягу гэтых 25 гадоў і далей вы давалі сведчанне таго, што Царква ёсць, што ёсць людзі, якія гатовы рабіць больш, чым прапануе цывілізацыя сучаснасці», — звярнуўся да вернікаў святар.

Айцец Андрэй Абламейка пажадаў вернікам і надалей быць сведкамі Езуса Хрыста.

Напрыканцы Літургіі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек зрабіў падарунак для полацкай парафіі, якая каторы год прымае пілігрымаў.

Айцу Аляксандру Шаўцову, гаспадару парафіі, архімандрыт падарыў ікону салунскіх братоў Кірыла і Мятода, якія паспрыялі «фармацыі» славянскіх земляў.

Таксама Апостальскі візітатар выказаў падзяку двум святарам, якія «займаюцца сучаснай духоўнай фармацыяй» на Віцебшчыне, асаблівым чынам праз пілігрымку Віцебск — Полацк: айцу Зміцеру Грышану з Віцебска і айцу Аляксандру Шаўцову з Полацка. Святарам былі падораны залатыя медалі, якія архімандрыт Сяргей Гаек прывёз з кананізацыі Станіслава Папчынскага ад Святога Айца з Рыма.

Грэка-каталіцкія святары і вернікі павіншавалі Апостальскага візітатара з 20-годдзем пастаўлення ў сан архімандрыта.

«Дзякуючы Вашаму бацькоўскаму клопату наша Царква развіваецца, Вы па-сапраўднаму ёй апякуецеся», — адзначылі яны.

Пасля вернікі ўшанавалі рэліквіі св. Язафата Кунцэвіча, якія падчас сёлетніх будслаўскіх урачыстасцяў Грэка-Каталіцкай Царкве перадаў легат Папы Францішка арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн.

Напрыканцы для ўсіх прысутных зайгралі Максім Іўкін з Быхава, Арцём Сітнікаў і іншыя музыкі.

«Гэта не проста выступ, але сведчанне гэтых людзей», — адзначыў архімандрыт Сяргей Гаек.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.