Два грэка-каталіцкія дыяканы атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне ў Полацку |
Грэка-Каталіцкая Царква |
22.08.2016 14:27 |
21 жніўня грэка-каталіцкія дыяканы Зміцер Быстроў з Івацэвічаў і Аляксей Варанко з Віцебска атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Уладыкі Ніла (Лушчака), дапаможнага біскупа Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіі (Украіна). У Полацку ў грэка-каталіцкім храме Вялебнай Параскевы Полацкай 21 жніўня святары і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прымалі высокага госця — дапаможнага епіскапа Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіі Ніла Лушчака. Уладыка ўдзельнічаў у набажэнстве, якое ўпісвалася ў душпастырскую праграму «Веру ў адзіную Царкву» і на якім вернікі дзякавалі Богу за місійны подзвіг святых апосталаў славянаў Кірыла і Мятода і ўзгадвалі «евангелізацыйны» подзвіг палачаніна Францішка Скарыны. На святочную Літургію прыехалі таксама вернікі з Івацэвіч, Брэста, Мінска і Віцебска. Пры ўваходзе ў царкву разам з настаяцелем прыхода а. Аляксандрам Шаўцовым, дзецьмі парафіян і святарамі закарпацкага іерарха вітаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
«На працягу стагоддзяў і Кірыл, і Мятод, і Францішак Скарына, і шматлікія беларускія святары добра разумелі, што для духоўнага і культурнага развіцця чалавеку неабходна Божае слова на роднай мове», — сказаў на прывітанне Уладыкі Ніла архімандрыт Сяргей Гаек і папрасіў іерарха ўдзяліць прэзбітэрскае пасвячэнне двум беларускім дыяканам, якія будуць абвяшчаць Божае слова сваім братам і сёстрам. «Такім чынам, іх заданнем будзе працягваць місію святых Кірыла і Мятода», — дадаў Апостальскі візітатар. У гаміліі епіскап гаварыў аб сутнасці святарства. Звяртаючыся да новапрэзбітэраў, іерарх пажадаў ім заўсёды імкнуцца быць падобнымі да трох постацяў: арханёла Гаўрыіла, што абвяшчае Марыі волю Бога, арханёла Рафаіла, які лечыць раны, і арханёла Міхаіла — ваяра, што абараняе каштоўнасці веры. Епіскап Ніл прыехаў у Полацк з Браслава з урачыстасцяў у гонар абраза Маці Божай Валадаркі азёраў. «Некалі гэты абраз належаў нам, грэка-католікам, цяпер жа ён знаходзіцца ў рыма-каталіцкай святыні, але покрывам Маці Божай нязменна ахінуты вернікі Беларусі, прыналежныя да розных канфесій», — падкрэсліў іерарх. Наступнай святыняй, якую наведае епіскап-пілігрым, стане Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Па дарозе ў Мінск епіскап заедзе таксама ў Хатынь, каб памаліцца пры магілах спаленых нацыстамі ахвяр Другой сусветнай вайны. Паводле svjazep.org Фота Кацярыны Вінакуравай |