Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
Грэка-Каталіцкая Царква правядзе ў кастрычніку душпастырскую акцыю «Месяц малітвы за Беларусь» |
Грэка-Каталіцкая Царква
|
01.10.2016 14:39 |
У грэка-каталіцкім царкоўным календары 1 кастрычніка прыпадае свята Пакрова Багародзіцы. У гэты дзень грэка-католікі Беларусі пачалі «Месяц малітвы за Беларусь».
Праграма малітвы прадугледжвае своеасаблівую «эстафету». На першым тыдні кастрычніка 2016 г. у гэтую малітву ўключацца парафіі, парафіяльныя супольнасці (і вернікі, якія жывуць па-за парафіяльнымі структурамі) на тэрыторыі Усходняга дэканата Грэка-Каталіцкай Царквы (вобласці Віцебская, Магілёўская і Гомельская). У той жа час вернікі ўсіх грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцяў Беларусі будут маліцца за грэка-католікаў Усходняга дэканата.
Другі тыдзень кастрычніка 2016 г. мае характар агульнацаркоўны: за Беларусь будуць маліцца ўсе парафіі і супольнасці Грэка-Каталіцкай Царквы.
На трэцім тыдні эстафету малітвы за Беларусь пераймаюць парафіі і супольнасці Цэнтральнага дэканата (тэрыторыя г. Мінска і Мінскай вобласці).
Чацвёрты тыдзень кастрычніка будзе часам малітвы за Беларусь у парафіях і супольнасцях Заходняга дэканата.
Тэкстам, які асабліва выкарыстоўваецца вернікамі ў гэтай малітоўнай эстафеце, з’яўляецца Акафіст Найсвяцейшай Багародзіцы і Акафіст Імю Ісусаваму (аўтарства Францішка Скарыны), а таксама традыцыйная «Малітва за Беларусь» аўтарства архімандрыта Льва Гарошкі. (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.