Грэка-каталіцкія пілігрымы ўшанавалі памяць св. Язафата Кунцэвіча ў Вене і Празе |
Грэка-Каталіцкая Царква |
16.11.2016 15:30 |
12 лістапада ў Вене група святароў і маладых грэка-каталіцкіх вернікаў з Беларусі прынялі ўдзел ва ўрачыстым дні памяці св. Язафата Кунцэвіча. Падзея была прымеркавана да 100-годдзя пераносу рэліквій св. Язафата Кунцэвіча з польскага горада Бяла-Падляска ў Вену ў святыню св. Барбары. Паездка адбылася па запрашэнні кардынала Крыстафа Шонбарна, арцыбіскупа Вены і ардынарыя для грэка-католікаў Аўстрыі. Дарога пілігрымкі ў Вену праходзіла праз Бяла-Падляску, адкуль 100 гадоў таму рэліквіі св. Язафата перанеслі ў Вену. Па дарозе да пілігрымаў далучыўся архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. 12 лістапада ў Вене архімандрыт Сяргей Гаек, а. Зміцер Грышан і а. Андрэй Абламейка прымалі ўдзел у навуковай сесіі, прысвечанай асобе св. Язафата, якую арганізаваў кардынал Крыстаф Шонбарн. У Літургіі таксама прымалі ўдзел архімандрыт Сяргей Гаек, сірыйскі Мітрапаліт Ян Клемент Жанбар з г. Алепа і шматлікія святары Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскай традыцыі (украінскай, румынскай, мельхіцкай, русінскай, славацкай, беларускай). 13 лістапада беларускія пілігрымы ўдзельнічалі ў беларускамоўнай Боскай Літургіі ў гонар св. Язафата Кунцэвіча і св. Яна Залатавуснага, якую па запрашэнні Экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы Чэхіі Ладзіслава Гучка ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек. |
Фотарэпартаж |