Грэка-католікі Беларусі завяршылі Год памяці Брэсцкай уніі |
Грэка-Каталіцкая Царква |
05.12.2016 16:11 |
Агульным дэвізам святкаванняў былі словы Сімвала веры: «Веру ў адзіную, святую, паўсюдную і апостальскую Царкву». Тыя ж словы былі прадметам духоўнага разважання і асэнсавання ўдзельнікаў брэсцкіх святкаванняў 3 снежня. Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні настаяцеля брэсцкай парафіі а. Ігара Кандрацьева, а. Андрэя Буйніча з Ліды (протапрэзбітар Заходняга дэканата БГКЦ), а. Андрэя Крата з Гродна, а. Віталя Быстрова (вікарны святар парафіі ў Баранавічах) і а. Аляксея Філіпенкі з Мінска. У святочным казанні архімандрыт Сяргей Гаек працытаваў словы з Паслання Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра з нагоды 420-годдзя падпісання Брэсцкай уніі: «У 420-ю гадавіну пасля падпісання Брэсцкай уніі мы маем магчымасць нанова адкрыць для сябе духоўнае і культурнае багацце нашай прыналежнасці да адзінай, святой, каталіцкай і апостальскай Царквы, усведамляючы адказнасць быць сведкамі Евангелля любові для кожнага чалавека». Архімандрыт звярнуў таксама ўвагу на культурную спадчыну Брэсцкай уніі ў сферы адукацыі, архітэктуры, іканаграфіі і музыкі. Каштоўнай формай ушанавання ўніяцкай спадчыны стаў духоўны канцэрт гурта Арцёма Сітнікава «Bar Akaryna». А. Яўген Усошын |