З гісторыі вёскі Перстунь і мясцовай парафіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
18.05.2010 16:02 |
Непадалёку ад Аўгустоўскага канала ў 23 кіламетрах на захад ад Гродна знаходзіцца невялікая і, напэўна, мала каму вядомая вёска Перстунь (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат). Цікавая і ў той жа час незайздросная гісторыя гэтага беларускага куточка і мясцовых жыхароў. Сёння ў в. Перстунь дзейнічае парафія Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якою апякуецца кс. Павел Гедройць, пробашч суседняй парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы. Мясцовы храм быў пабудаваны і асвечаны ў 1818 г. Спачатку тут маліліся грэка-католікі, затым праваслаўныя, а потым — рыма-католікі. У 1920-я гг. у парафію прыехаў кс. Шымон Варкала, які разам з вернікамі распачаў рамонтныя работы ў святыні. У часы Другой сусветнай вайны, а менавіта ў 1944 г., палова вёскі была спалена, у тым ліку — плебанія і школа. Касцёл быў значна пашкоджаны. Пасля смерці кс. Шымона Варкалы ў 1959 г. святыня была зачынена савецкімі ўладамі. Як апавядаюць жыхары вёскі, будынак касцёла быў занядбаны, правалілася крыша. На фотаздымках, што захаваліся ў парафіянаў з тых часоў, можна ўбачыць касцёл з пашкоджанымі вежамі, на якіх раслі бярозы. У 1989 г. людзі сваімі сіламі ўзяліся за аднаўленне святыні. Рамонт быў распачаты 25 сакавіка, у парафіяльную ўрачыстасць. 25 ліпеня 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тагачасны Апостальскі Адміністратар Мінскай дыяцэзіі, асвяціў адноўленую святыню. У парафіі неслі служэнне кс. Аляксандр Шэмет, кс. Вітольд Лазавіцкі, вечнай памяці кс. Уладзіслаў Мяшчанскі. Варта адзначыць, што ў касцёле да сённяшніх дзён захаваўся іканастас, перад якім маліліся грэка-католікі на пачатку гісторыі гэтай святыні. Вёска Перстунь адзначаецца таксама цікавай мясцовай традыцыяй — 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, абмывацца крынічнай вадой. Яшчэ адна адметнасць гэтых мясцін — самыя вялікія могілкі на тэрыторыі Беларусі з часоў Першай сусветнай вайны. Акрамя мясцовых жыхароў тут пахавана больш за 30 тысяч рускіх салдат. |
Фотарэпартаж |