Прадстаўнік Святога Айца прыбыў у Гродна па запрашэнні біскупа
Аляксандра Кашкевіча, каб разам з прэзбітэрыем падзяліць радасць са
з’яўлення новых працаўнікоў на Божай ніве. У гэты дзень чатыры дыяканы прынялі сакрамэнт святарства і два навучэнцы семінарыі — пасвячэнне дыяканату. Адзін з новапрэзбітэраў паходзіць з супольнасці св. Міхала Арханёла (міхалітаў). Да гэтага дня яны рыхтаваліся ў святыні, у семінарыі і на літургічна-пастаральнай практыцы, пазнаючы штодзённае святарскае жыццё. Апошнія дні перад пасвячэннем кандыдаты ўдзельнічалі ў спецыяльных рэкалекцыях.
Падчас святой Імшы, у якой прымалі ўдзел біскуп Аляксандр Кашкевіч, святары, выкладчыкі, выхавацелі і мадэратары гродзенскай семінарыі, яе рэктар кс. прэлат Юзаф Станеўскі прадставіў Апостальскаму Нунцыю дыяканаў і семінарыстаў, засведчыўшы, што яны былі прызнаны годнымі пасвячэння.
«Удзяленне святарскага пасвячэння — асаблівы момант радасці для дыяцэзіяльнага біскупа, і запрасіць на гэтую ўрачыстасць іншага біскупа — знак вялікай дабрыні і любові, — сказаў у гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. — У запрашэнні я бачу ваша жаданне мець на гэтай падзеі прадстаўніка Папы, які такім чынам прысутнічае тут разам з намі. Дзякую за магчымасць удзельнічаць у гэтым свяце для вашай дыяцэзіі».
«У гэты дзень Бог даў нам асаблівае благаслаўленне: дар двух новых дыяканаў і чатырох святароў — дар настолькі вялікі для Касцёла, што сёння вы маглі спытаць: «Божа, што мы зрабілі, каб атрымаць такі дар?» — працягваў арцыбіскуп. — Часта мы не заўважаем, наколькі важны гэты жэст любові Бога. Гэта не толькі асаблівая гісторыя любові Бога і кожнага з кандыдатаў — у ёй удзельнічаюць таксама ўсе, хто блізкі гэтым маладым людзям. Пасля пасвячэння яны будуць пасланы туды, куды іх накіруе біскуп, і ў сваіх супольнасцях яны будуць знакам Добрага Пастыра, які бярэ на свае плечы авечку, якая згубілася». «Так, Божа, я давяраю Табе і прагну быць Тваім святаром» «Пасля гэтых пасвячэнняў ваш лакальны Касцёл стане багацейшым, бо атрымае такі асаблівы дар», — дадаў Апостальскі Нунцый. Стаць дыяканам або святаром у Касцёле, па словах арцыбіскупа, «адрозніваецца ад атрымання нейкага абавязку ў грамадстве: гэта не часовая праца, якую выконвае чалавек, чакаючы павышэння, і не праца бюракрата, які выконвае абавязкі ў сваім кабінеце». «Калі б было так — не было б нагоды святкаваць так урачыста сённяшнюю падзею, бо гэта азначала б, што мы нічога не зразумелі з таямніцы служэння святарства ў Касцёле, — адзначыў іерарх. — Але тут прысутнічае гісторыя любові Бога, які ўцягвае ў гэтую любоў чалавека і пасля пасылае яго на служэнне народу».
Апостальскі Нунцый звярнуў увагу, што існуюць асаблівыя адносіны паміж кандыдатамі, якія сёння атрымліваюць пасвячэнне, і супольнасцю, да якіх кожны з іх належыць: у момант, калі супольнасць, якая прадстаўлена як нарачоная, пазнаецца гэтым чалавекам – пачынаецца своеасаблівы момант «падрыхтоўкі да шлюбу», калі прымаецца рашэнне ісці ў кірунку вечнай любові і чалавек кажа: «так, Божа, я давяраю Табе і прагну быць Тваім святаром». «Гэта гісторыя складаная, якая патрабуе шмат ахвяраў і цярпення», — дадаў арцыбіскуп і падзякаваў усім, хто дапамагаў, каб «гэтая гісторыя любові была чыстай і прыгожай».
Звяртаючыся да святароў, прысутных на ўрачыстасці, прадстаўнік Папы заклікаў іх: «Няхай малады святар не будзе адчуваць сябе ў супольнасці так, быццам ён не мае сям’і — бо ён член вашай сям’і». «Ад вас залежыць, будуць у сваім жыцці гэтыя маладыя святары стаяць трывала на нагах або ім здарыцца ўпасці», — падкрэсліў арцыбіскуп і дадаў, што «святары — тыя, хто добра ведае, што дзверы іх дома заўсёды адчынены, што дом святара чымсьці падобны да намёту, які пастаянна перамяшчаецца, каб быць там, дзе патрэбна Божаму народу»: «дом святара — не палац, у якім жывуць каралі».
«Калі камусьці з іх здарыцца ўпасці, няхай кожны з нас, дарагія святары, ведае, што мы адказныя за гэта, — нагадаў Апостальскі Нунцый, кажучы пра кандыдатаў да прыняцця пасвячэння. — Быць моцнымі або слабымі — залежыць не толькі ад іх. Мы не павінны паказваць пальцам на іншага чалавека, але глядзець на сябе».
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заахвоціў новых святароў быць адкрытымі і добрымі да кожнага члена супольнасці вернікаў. Таксама прадстаўнік Папы заклікаў іх заставацца перад Богам дзецьмі і не адчуваць сябе дарослымі з-за таго, што яны атрымалі гэтае пасвячэнне.
«Не бойцеся тых момантаў, калі вы адчуваеце глыбокую патрэбу сяброўства і цеплыні. Побач будзе той, хто застаецца з вамі заўсёды, — Езус», — адзначыў арцыбіскуп, звяртаючыся да кандыдатаў. «Калі вы адчуеце на сабе поўны любові позірк Хрыста — ваша жыццё будзе поўным і рэалізаваным. У нашым жыцці бываюць моманты, калі мы спатыкаемся і падаем, але Бог падымае нас, і мы ідзём далей; моманты, калі нам нічога не хочацца рабіць, але Езус кажа: уставай і ідзі; моманты, калі мы не хочам сустракацца з нейкім чалавекам, але Ён кажа: спаткайся з ім, бо ў ім Я цябе чакаю», — сказаў Апостальскі Нунцый.
«Не трэба баяцца, што мы пакінулі штосьці за намі, бо тое, што перад намі, — вельмі прыгожае», — падкрэсліў іерарх.
Напрыканцы літургіі да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч, падзякаваўшы Апостальскаму Нунцыю за ўдзяленне пасвячэння. «Кожнае пакліканне паходзіць ад Пана, з’яўляецца дарам Яго ласкі, — сказаў гродзенскі ардынарый. — Божая ласка фарміруе і ўдасканальвае чалавека, дапамагае яму расці і прыносіць духоўны плён, як для Божага люду, так і для самога пакліканага. Сакрамэнтальны жэст ускладання рук, учынены прадстаўніком Апостальскай Сталіцы, з’яўляецца асабліва красамоўным, паколькі ён яшчэ больш падкрэслівае ўніверсальны характар святарскага служэння, рэалізаванага ў супольнасці паўсюднага Касцёла пад кіраўніцтвам Наступніка Пятра».
Новапрэзбітэры і дыяканы выказалі ўдзячнасць за прыняцце пасвячэння Богу ў Тройцы адзінаму і ўсім, хто вёў іх да алтара Пана.
У найбліжэйшы час маладыя святары, поўныя энергіі, запалу і энтузіязму, распачнуць душпастырскую працу, цэлебруючы прыміцыйныя літургіі ў сваіх родных парафіях і месцах, з якімі былі звязаны праз практыку.
Новыя святары:
ксёндз Павел Эйсмант (паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці (Гродна – Вішнявец))
ксёндз Юрый Ясевіч (паходзіць з парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях) ксёндз Ян Кузюк (паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы) ксёндз Ян Юшко СSMA (паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шыдловічах).
Новыя дыяканы: дыякан Юрый Гyрскі (паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары) дыякан Павел Безляповіч (паходзіць з парафіі Адшукання Св. Крыжа ў Астраўцы).
Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан
|