Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
600-годдзе парафіі і 85-годдзе святыні адзначылі ў Вавёрцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.06.2013 13:58

16 чэрвеня вернікі касцёла Перамянення Пана ў Вавёрцы (Гродзенская дыяцэзія, Лідскі дэканат) дзякавалі Богу за 600 гадоў існавання сваёй парафіі, за 85 гадоў з часу пабудавання парафіяльнай святыні і за веру, перададзеную ім ад продкаў. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Найвышэйшы настаяцель Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў Генеральны абат кс. Джузэпэ Цыпалоні, рэгулярныя латэранскія канонікі з Польшчы, святары, сёстры законныя і вернікі.

На святкаванні прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзяржаўных уладаў на чале са старшынёй Лідскага райвыканкама Аляксандрам Астроўскім.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі кс. Андрэй Роўба CRL заўважыў, што гэтая ўрачыстасць — «доказ сілы і трываласці Хрыстовага Касцёла, ажыўленага моцай Духа Святога». «Мінулыя пакаленні, нягледзячы на вялікія цяжкасці, верна трывалі пры Хрысце, Яго Евангеллі і запаведзях. Мы іх спадкаемцы, і наш абавязак — захаваць гэты скарб і перадаць нашчадкам», — дадаў святар.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі падчас святой Імшы нагадаў цікавую і няпростую гісторыю парафіі. Першая хрысціянская супольнасць у Вавёрцы з’явілася ў 1413 г., а сённяшні касцёл, які ў апошнія гады грунтоўна аднаўляўся, будавалі ў 1926–1928 гг. Амаль два дзесяцігоддзі парафія была пазбаўлена душпастырскай апекі, а касцёл выкарыстоўваўся як стайня, а пазней як склад угнаенняў. «Напэўна, старэйшыя парафіяне памятаюць, чаго каштавала ўратаванне святыні», — адзначыў біскуп, дадаўшы, што дзякуючы іх адвазе і любові да Хрыстовага Касцёла дом Божы ўдалося захаваць.

Па словах біскупа, юбілей парафіі з’яўляецца для вернікаў напамінам, што «як хрысціяне мы спадкаемцы папярэдніх пакаленняў». Гродзенскі ардынарый заахвоціў дзякаваць Богу за тых, хто бараніў святыню, хто не дазволіў забіць веру ў сваіх сэрцах, перадаў дар гэтай веры ў спадчыну, нягледзячы на пераслед.

«Вера ў Хрыста абавязвае нас даваць сведчанне сваім жыццём згодна з Божымі запаведзямі і евангельскім навучаннем. Нашы ўчынкі, словы і каштоўнасці, якімі жывём, павінны сведчыць пра тое, што мы належым да Хрыста», — падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы Імшы вернікі ўдзельнічалі ў эўхарыстычнай працэсіі і спеве «Te Deum laudamus». Таксама яны выказалі ўдзячнасць біскупу Кашкевічу і Найвышэйшаму настаяцелю Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў за ўдзел і супольную малітву.

З гісторыі парафіі

Першая хрысціянская супольнасць у Вавёрцы ўзнікла ў 1413 г. Фундатарамі ранейшай парафіі Духа Святога былі мясцовыя ўладальнікі Зыгмунт Галгіновіч і яго маці Зоф’я, дзякуючы якім там быў пабудаваны касцёл. У другой палове XV ст. святыня была знішчана, а новая пабудавана ў 1736 i пратрывала да 1840 г.

У 1840 г. Самуэль Кастроўскі пабудаваў там першы мураваны касцёл, які падчас Першай сусветнай вайны быў знішчаны. У 1920 г. касцёл быў адноўлены. У 1926–1928 гг. у Вавёрцы пабудавалі новую мураваную святыню, якая 13 лістапада 1928 г. была асвечана дэканам Лідскім кс. Іпалітам Баярунцам як касцёл Перамянення Пана.

З 1930 г. пробашчам парафіі быў кс. Севярын Яноўскі. 1949–1954 гады святар правёў у лагерах, а пасля вызвалення зноў служыў у Вавёрцы. У 1958–1975 гг. у парафіі не было святара, касцёл выкарыстоўваўся як стайня, а потым як склад.

З 1995 г. у парафіі Перамянення Пана ў Вавёрцы служаць рэгулярныя латэранскія канонікі. Таксама тут ужо амаль 20 гадоў нясуць служэнне сёстры місіянеркі Хрыста Караля.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.