Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка дзяцей і моладзі з Гродна ў Капцёўку: «З Марыяй у новы навучальны год» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.09.2013 17:49 |
![]() Дарога займала адзін дзень і распачыналася ранішняй Эўхарыстыяй, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл). «Паглынайце ўсё тое, што дапамагае вам быць мудрымі людзьмі, якія клапоцяцца аб дабры іншага чалавека, — заахвоціў сабраных дзяцей і моладзь біскуп Кашкевіч. — Не дайце сябе падмануць злу і ілюзіям гэтага свету. Праз удзел у сістэматычнай катэхізацыі старайцеся дасягнуць адзінства з Панам Богам і з вашымі аднагодкамі. З радасцю ў сэрцы пазнавайце Божыя праўды і таямніцы на занятках рэлігіі і катэхезе. Чым больш вы пазнаяце Пана, тым больш мудрымі і радаснымі людзьмі вы станеце». Біскуп Гродзенскі падзякаваў усім настаўнікам, катэхетам, выхавальнікам і сем'ям за выхаванне дзяцей у каталіцкай веры і за пераказ ведаў і жыццёвай мудрасці. Іерарх пажадаў, каб новы школьны і катэхетычны год быў багатым на новыя ўражанні, а таксама стаў ўзрастаннем у мудрасці і веры. Пасля заканчэння Эўхарыстыі ўсе вырушылі ў накірунку Капцёўкі, на Узгорак Надзеі, дзе ўсіх чакае Маці — Марыя! У пілігрымцы прыняло ўдзел шмат дзяцей і моладзі разам з роднымі, апекунамі і катэхетамі. Самай малодшай удзельніцай пілігрымкі стала маленькая дзяўчынка, якой толькі нядаўна споўніўся год. У дарозе яна была са сваёй мамай. А самай пажылой удзельніцай стала 87-гадовая жанчына, якая ахварявала дарогу ў інтэнцыі за сваіх праўнукаў. У пілігрымцы прынялі ўдзел таксама клерыкі з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама некаторыя выкладчыкі семінарыі. У Капцёўцы пілігрымаў вітаў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі. Пасля кароткага адпачынку і хвілін цішыні, індывідуальнай малітвы пілігрымаў, распачалася святая Імша, на якой былі асвечаныя таксама школьныя прылады. Варта адзначыць, што шмат хто з дзяцей ішоў у пілігрымцы з заплечнікамі, у якіх былі кнігі, сшыткі і іншыя школьныя прылады, якія затым былі асвечаныя. Адзін з удзельнікаў пілігрымкі на пытанне, што ён мае ў сваім заплечніку, адказаў: «У мяне там кнігі — гэта мой цяжар, гэта мой крыж…» Урачыстую літургію ўзначаліў ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У сваёй гаміліі святар зазначыў, што разам з новым школьным годам распачынаецца і новая дарога, таму што і школьныя падручнікі ўжо новыя, а для кагосьці магчыма новым становіцца і школьнае атачэнне. «На гэтай дарозе нас суправаджаюць не толькі кнігі па розных прадметах, мы павінна таксама памятаць пра найважнейшую кнігy для кожнага чалавека. Гэтай кнігай з’яўляецца Святоe Пісанне», — зазначыў ксёндз прэлат. Святар заахвоціў дзяцей і моладзь, каб акрамя школьных кніг кожны з іх на сваёй паліцы меў таксама і Біблію, якая павінна стаць для чалавека дарадчыкам па жыцці: «Толькі тады, калі чалавек будзе чытаць Святое Пісанне і спалучаць яго з атрыманымі ведамі ў школе, тады будзе чалавекам». Пасля літургіі адбылася другая частка сустрэчы, дзе ў вясёлай форме адбылася прэзентацыя парафіяльных груп, якія прыехалі ў санктуарый на ўрачыстасць. Дзеці і моладзь — удзельнікі пілігрымкі, узмоцненыя Божым Словам і святарскім благаславенствам, пакідалі санктуарый напоўненыя надзеяй і хрысціянскай радасцю, каб рэалізаваць просьбу свайго біскупа, каб «не даць падмануць сябе злу і ілюзіям гэтага свету». Кс. Юрый Марціновіч, (JLS) |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.