Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
360-годдзе парафіяльнай святыні адзначылі ў Міхалішках
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.09.2013 12:13

29 верасня парафія Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках адзначала ўрачыстасць. У касцёле сабраліся сотні вернікаў, каб дзякаваць Богу за 360-годдзе парафіяльнай святыні і за перададзеную веру, прасіць аб тым, каб гэтую веру не страціла сённяшняя моладзь, па ўзоры сваіх продкаў захаваўшы яе для нашчадкаў.

Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Анатоля Захарэўскага ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У Міхалішкі прыбылі таксама святары і вернікі з наваколля.

Таксама ў гэты дзень адзначалася свята Св. Міхала Арханёла, а група вернікаў у парафіі прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

Да гэтага дня парафіяне рыхтаваліся, удзельнічаючы ў святых місіях, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты. Акрамя гэтага, па ініцыятыве пробашча вернікі на працягу 9 тыдняў удзельнічалі ў навэне, якая ўключала малітву ў супольнасці падчас кожнай нядзельнай і святочнай Імшы, пост і індывідуальную малітву дома.

Біскуп Казімір Велікаселец заахвоціў вернікаў у гаміліі да большай любові і прывязанасці да Касцёла, заклікаў да актыўнага ўдзелу ў яго сакрамэнтальным жыцці. Словы з чытання Евангелля гэтага дня, як адзначыў іерарх, павінны стаць цэнтрам жыцця кожнага хрысціяніна. «Жыццё без Бога падвержана розным спакусам, бо шатан не спіць», — адзначыў біскуп, дадаўшы, што «малітва і святая Камунія з’яўляюцца самым простым і кароткім шляхам да святасці».

На памяць пра ўрачыстасць адбылося асвячэнне місійнага крыжа каля касцёла. Айцы місіянеры заахвоцілі вернікаў часцей схіляць калені ля гэтага крыжа і аддаваць яму пашану, бо «ў крыжы наша збаўленне», і ён павінен «заўсёды нагадваць пра Хрыста, які з любові да чалавека нёс крыж да канца, а потым на ім аддаў жыццё».

Узрушальным момантам падчас літургіі было вызнанне веры. Адказваючы на пытанні біскупа, вернікі трымалі ў руках крыжыкі, праз гэта жадаючы выказаць прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла і паабяцаць, што заўсёды будуць старацца бараніць крыж.

Моладзь, якая прыняла сакрамэнт канфірмацыі, паабяцала штодзень супрацоўнічаць з Божай ласкай і развіваць у сабе Божае жыццё з дапамогай Духа Святога, якога ў гэты дзень атрымала.

Касцёл у Міхалішках — адна з нямногіх барокавых святынь ХVII стагоддзя на гэтых тэрыторыях, якая захавалася ў амаль нязменным стане. У ліпені 1944 года, падчас начнога налёту нямецкіх самалётаў і бамбардзіроўкі, у касцёле згарэў дах і драўляныя элементы ўнутры. У 1991 г. злодзеі выкралі са святыні літургічны посуд, а таксама пазалочаную і пасярэбраную сукенку, накладзеную на абраз св. Ганны. У студзені 2003 г. адбыўся другі крадзеж — з двух бочных алтароў злодзеі знялі і вынеслі два абразы ХVIII стагоддзя: Маці Божай Ружанцовай з Дзіцяткам Езус і абраз св. Ганны з Марыяй і Езусам.

Касцёл у Міхалішках дзейнічаў безупынна ў перыяд савецкіх уладаў, хаця ў 1968–1990 гадах быў без святара, а апеку над ім трымаў касцёльны камітэт. Выразам ацэнкі прыгажосці і каштоўнасці святыні стала ўключэнне яе ў спіс помнікаў архітэктуры сталага барока ў Беларусі.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.