Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нанава адкрыць скарб ружанцовай малітвы: адпустовая ўрачыстасць прайшла ў Суботніках
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.10.2013 16:30

6 кастрычніка ў парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках (Гродзенская дыяцэзія, Іўеўскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць з нагоды ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. На святой Імшы сабраліся шматлікія парафіяне і госці, каб нанава адкрываць каштоўнасць ружанцовай малітвы.

Месяц кастрычнік прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве: вернікі звяртаюцца да сваёй Маці, Панны Марыі, разважаючы таямніцы Ружанца. Аднак каштоўнасць гэтай малітвы варта адкрываць не толькі ў гэты час — яна павінна стаць асабістай малітвай кожнага.

Святкаванне адпустовай урачыстасці пачалося працэсіяй вакол касцёла, падчас якой пры 5 капліцах вернікі разважалі таямніцы Ружанца.

Імшу ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч. «Мы звяртаемся да Найсвяцейшай Панны Марыі праз малітву Ружанца, бо дасканала ведаем, што малітва на ружанцы — наша сіла», — адзначыў у гаміліі святар.

«Удзельнічаючы ў Ружанцы, мы падобныя да сабраных у Вячэрніку вакол Найсвяцейшай Панны Марыі апосталаў. Яны, трываючы разам з Ёю на малітве, прыгадвалі абяцанні Пана, думалі пра апошнія перажытыя з Ім падзеі і тое, аб чым ад Яго даведаліся. Яны (…) маліліся вуснамі і разважалі ў сэрцы, верачы, што Хрыстус споўніць абяцанне спаслання сваёй ласкі», — заўважыў кс. Юрый Марціновіч.

Святар адзначыў, што малітва Ружанца незамяняльная падчас жыццёвых выпрабаванняў.

Ксёндз Юрый Марціновіч пажадаў вернікам нанава адкрыць для сябе багацце ружанцовай малітвы, праз якую «магчыма сапраўды шмат выпрасіць для сябе, сваіх блізкіх і ўсяго свету».

Пробашч парафіі кс. Францішак Галдысь TChr пажадаў удзельнікам адпустовай урачыстасці палюбіць Ружанец, каб ён стаў штодзённай малітвай кожнай хрысціянскай сям’і.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.