26 кастрычніка ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы ўрачыста адзначалі 100-годдзе нараджэння для неба благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай — адной з заснавальніц Кангрэгацыi Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста.
Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка — заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (змёртвыхпаўстанак). Кангрэгацыя была заснавана ў Рыме ў 1891 г. Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. y Антавілі каля Оршы. Паслухмяная волі бацькоў, выйшла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей, дваіх з якіх пахавала. Пасля смерці мужа рэалізавала сваё прагненне да законнага жыцця і разам з малодшай дачкой Ядвігай заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. Памерла 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве (Польшча). Жыццё благаслаўлёнай як жонкі, маці, удавы, законніцы і заснавальніцы Кангрэгацыi Сясцёр Змёртвыхпаўстанак, беатыфікаванай у Рыме 27 кастрычніка 2007 г., звязана з Беларуссю. У другой палове ХІХ ст. благаслаўлёная Цэліна разам са сваёй дачкой Ядвігай, 150-годдзе нараджэння якой адзначаецца сёлета, жылі на гродзенскіх і вецебскіх землях.
Першыя этапы жыцця Цэліны звязаны з наступнымі месцамі: Антавіль, каля Оршы, — месца нараджэння і дзяцінства; Лескавічы — гады маладосці; Абрэмшчына, Заневічы — гады жыцця ў сужэнстве. Да касцёла ў Квасоўцы благаслаўлёная часта прыходзіла на малітву і Імшу.
На ўрачыстасць 100-годдзя смерці Маці Цэліны прыбыў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, святары Гродзенскай дыяцэзіі і іншых мясцін, прадстаўнікі мясцовых уладаў і шматлікія вернікі парафіі ў Квасоўцы і наваколля.
Перад літургіяй вернікі маліліся Ружанец, прадстаўляючы Богу свае просьбы праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец. На пачатку быў агучаны ліст Генеральнай настаяцельніцы сясцёр змёртвыхпаўстанак у Рыме маці Тэрэзы Марыі Крэфт CR. У ім Генеральная настаяцельніца выказвае ўдзячнасць Касцёлу ў Беларусі, у першую чаргу на Гродзеншчыне, за руплівае пашырэнне і распаўсюджванне культу благаслаўлёнай, і дзякуе за тое, што Касцёл у Беларусі памятае пра сведкаў веры, якія на працягу стагоддзяў жылі на гэтай зямлі.
Вітаючы прысутных, пробашч парафіі і ініцыятар урачыстасці кс. Ян Занеўскі ўзгадаў апошнія словы Маці Цэліны, якія яна прамовіла да сваіх сясцёр: «У Богу заўсёды надзея». Святар заўважыў, што на ўсіх этапах свайго жыцця благаслаўлёная старалася выконваць Божую волю і быць паслухмянай слугой Пана.
Біскуп Казімір Велікаселец у гаміліі разаважаў пра жыццё і шлях да нябеснай хвалы благаслаўлёнай Цэліны і яе дачкі Ядвігі. Іерарх адзначыў, што святасць магчыма і ў наш час, бо «да святасці кожнага з нас кліча сам Пан Бог, кажучы: будзьце святымі, як Я святы».
Па словах біскупа, самай паспяховай дарогай да святасці з’яўляецца малітва і рэгулярны ўдзел у нядзельнай Імшы. «Нам трэба ўзратасць у мудрасці, любові і святасці. Для таго ж, каб гэта стала магчымым, нам трэба ісці да алтара, бо толькі там мы можам атрымаць усе гэтыя Божыя дары», — сказаў іерарх.
Біскуп звярнуў увагу, што фундаментам жыцця благаслаўлёнай Цэліны была вера ў Бога і рэгулярная малітва. У яе сэрцы «заўсёды было месца для Бога, бо яна кожны дзень жыла верай». «Мы павінны наследаваць яе, асабліва ў гэты Год веры прасіць аб памнажэнні нашай веры, каб мужна яе вызнаваць і перадаваць маладому пакаленню», — дадаў іерарх.
Па словах біскупа, Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія сваім жыццём паказалі, што існуе Бог і існуе любоў. Іерарх адзначыў, што «кожны з нас штодзень павінен быць падрыхтаваны да таго, каб стаць перад Богам з чыстай душой». Звяртаючыся да бацькоў, біскуп заклікаў іх кожны дзень самім дбаць пра чысціню сваёй душы і вучыць такому дасканаламу жыццю сваіх дзяцей, дадаўшы, што выдатным прыкладам гэтага з’яўляецца Маці Цэліна, якая заснавала законную супольнасць разам са сваёй дачкой.
Пасля Імшы пробашч кс. Ян Занеўскі прэзентаваў кнігу «Слядамі благаслаўлёнай Маці Цэліны і Маці Ядвігі Бажэнцкіх у Беларусі» аўтарства с. Анны Хэлены Скалік CR. Па словах святара, чытаючы гэтую кнігу пра маці і дачку Бажэнцкіх і іх сувязь з Беларуссю, можна прайсці слядамі іх жыцця на нашай зямлі і лепш пазнаць жыццярыс гэтых дзвюх жанчын.
Ксёндз Ян Занеўскі падзякаваў усім, хто пашырае на гродзенскай зямлі культ благаслаўлёнай Цэліны, а таксама выказаў падзяку мясцовым уладам за дапамогу, якая аказваецца касцёлу ў Квасоўцы, асабліва ў будаўніцтве капліцы ў Абрэмшчыне.
Напрыканцы адбылося набажэнства да благаслаўлёнай Цэліны і ўшанаванне яе рэліквій.
Набажэнства да благаслаўлёнай, падчас якога вернікі праз яе заступніцтва звяртаюцца са сваімі просьбамі да Бога, адбываецца ў парафіі ў Квасоўцы кожны 26-ы дзень месяца.
Кс. Юрый Марціновіч, AG
|