Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Так нараджаюцца новыя традыцыі: моладзь парафіі з Сапоцкіна ў ноч Уваскрасення наведала магілы Пана ў шматлікіх касцёлах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.04.2014 13:55
У ноч Уваскрасення Пана моладзь парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіна (Тэалін) малілася пры магіле Пана у гродзенскіх парафіях і ў парафіях свайго дэканату. На працягу ночы маладыя людзі разам са сваім пробашчам наведалі 15 святыняў.
Пілігрымка ад касцёла да касцёла ў асаблівую і найважнейшую ноч у годзе адбывалася ўжо ў чацвёрты раз. Такім чынам, паўстала прыгожая традыцыя, якая з кожным годам знаходзіць новых паслядоўнікаў і ахвотнікаў.

Як кажа моладзь, нельга сабе ўявіць, каб гэты вечар і ноч былі праведзены перад тэлевізарам ці кампутарам. Гэту традыцыю распачаў ксёндз пробашч Антоній Абухоўскі, калі толькі прыйшоў працаваць у гэту парафію.

Падчас наведвання святыняў, на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам моладзь прасіла ў Бога за парафіянаў таго касцёла, які наведвала, а таксама за моладзь нашай краіны, каб яна ніколі не губляла сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці. Таксама маладыя людзі спявалі рэлігійныя песні ў знак падзякі Езусу Хрысту, які стаў пераможцам смерці, пекла і д'ябла.

Звычай наведвання магілы Пана ў іншых парафіях, паводле сапоцкінскіх маладых людзей, набліжае і дапамагае ім перажыць збаўчую таямніцу мукі, смерці і ўваскрасенне Хрыста. Дарэчы, маладыя людзі могуць пазнаёміцца з разнастайнасцю мастацкага афармлення магіл Пана, якая ў кожнай парафіі мае сваю асаблівасць і вобразнасць.

«Пілігрымаванне па касцёлах і малітвы пры гробе, зробленым на памяць смерці Езуса Хрыста, дае нам вялікую радасць. Асабіста мяне гэта натхняе, таму што мы інакш можам правесці ноч і святкаваць Уваскрасенне Пана. З іншага боку, гэта пілігрымка з'яўляецца для нас адной з формаў пакутніцкай пілігрымкі, у спалучэнні з малітвай і пашанай Хрысту, які прысутнічае ў Эўхарыстыі», — кажа Людміла Кавальчук, адна з удзельніц пілігрымкі.

«Мне здаецца, што менавіта такім чынам і з’яўляюцца новыя традыцыі, якія павінны старанна культывавацца і надалей, каб мець магчымасць квітнець і пастаянна знаходзіць новых зацікаўленых. Кожная традыцыя — гэта нешта ўнікальнае. Традыцыі ствараюць і сучасныя людзі. Калі традыцыя культывуецца, то яна і існуе паралельна з грамадствам. Таму будзьма працягваць традыцыі, дзякуючы якім, магчыма, мы пакінем свой след на гэтай зямлі». — дадае Алег Лукуць.

Пілігрымаванне моладзі з сапоцкінскай парафіі скончылася ў нядзельную раніцу Уваскрасення Пана ўдзелам у рэзурэкцыйнай Імшы ў сваім парафіяльным касцёле.
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.