Cакрамэнт канфiрмацыi ў Гродне: быць сведкам Уваскрослага Пана |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
24.04.2014 17:47 |
23 красавіка ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі парафіяльнай моладзі - 99-ці асобам. Прыняцце Святога Духа ў сакрамэнце канфірмацыі - адна з важнейшых падзей у жыцці католіка. Часта гэты сакрамэнт называюць таксама сакрамэнтам хрысціянскай сталасці. Таму зусім не выпадковай выглядае руплівая падрыхтоўка кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту - яны наведваюць заняткі па рэлігіі, удзельнічаюць у набажэнствах, прысвячаюць час індывідуальнай малітве. У парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) да сакрамэнту прыступала зусім не маленькая колькасць вернікаў - 99. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У сваёй
гаміліі іерарх распавёў пра ролю і значэнне сакрамэнта. «Перад тым, як Святы Дух сышоў на апосталаў, Езус
падрыхтаваў іх да гэтага велічнага моманту. Ім трэба было здаць экзамен пасля таго, што пачулі», — растлумачыў
біскуп. Паводле слоў біскупа, Святы Дух, якога чалавек атрымлівае праз сакрамэнт канфірмацыі, дапамагае ў адкрыцці і лепшым разуменні сакрамэнта Эўхарыстыі, таму кожная Эўхарыстыя павінна перажывацца з вялікай радасцю, бо з'яўляецца «сустрэчай з тым, каго любім». Напрыканцы святой Імшы біскуп Юзаф Станеўскі
падзякаваў бацькам моладзі, якая прыняла сакрамэнт канфірмацыі, за рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей, а самой моладзі - паглыблення веры і ўсведамлення таго, што разам з імі - Бог. Кс. Юрый Марціновіч
|
Фотарэпартаж |