Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
30-годдзе смерці кс. Юзафа Маціеўскага адзначылі ў Заневічах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.04.2014 17:03

27 красавіка ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах вернікі маліліся ў 30-годдзе смерці былога пробашча кс. Юзафа Маціеўскага. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які паходзіць з гэтай парафіі. У 1969 г. кс. Маціеўскі ўдзяліў будучаму іерарху хрост, пазней Першую Камунію.

Падчас Імшы біскуп дзякаваў Богу за дар святарства і прыклад веры кс. Юзафа Маціеўскага, які, па словах іерарха, быў узорам руплівага святара, цалкам адданага служэнню Богу, Касцёлу і людзям.

Таксама біскуп узгадаў пра кананізацыю двух вялікіх Папаў ХХ стагоддзя – Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, якая адбылася ў гэты дзень. Кажучы пра Яна Паўла ІІ, дзякуючы якому паўстала Гродзенская дыяцэзія, іерарх адзначыў, што гэты Пантыфік “паверыў Уваскросламу Хрысту, прывёў да Яго ранаў мільёны людзей, каб і яны маглі паверыць”.  Ксёндз Маціеўскі, па словах біскупа, належыць да тых, хто “не бачыў, а паверыў, і таму прыводзіў да Уваскрослага сотні людзей, давераных яму, нашых землякоў”. Як дадаў іерарх, Хрыстус і сёння кліча тых, хто прывядзе іншых да веры, кліча людзей, поўных дабрыні і міласэрнасці.

Ксёндз Юзаф Маціеўскі, сын Стэфана і Паўліны, нарадзіўся ў 1909 г., пасля заканчэння школы скончыў гімназію ў Гродне. У 1929 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. У 1937 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, затым быў вікарыем у парафіях у Гервятах і Алкеніках. У 1939 г. быў прызначаны пробашчам парафіі ў Заневічах, дзе праявіў сябе як руплівы душпастыр. У 1947 г. быў арыштаваны, некалькі гадоў правёў у вязніцах у Гродне, Оршы, Іркуцку, Краснадары, затым быў скіраваны ў Караганду. Быў вызвалены пасля смерці Сталіна ў 1955 г., вярнуўся ў парафію ў Заневічах, служыў адначасова таксама ў Індуры, Вялікіх Эйсмантах, Лунне, Начы. Адышоў у вечнасць 25 красавіка 1984 г.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.