Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Больш за 200 чалавек у ашмянскай парафіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.04.2014 18:48

27 красавіка ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах адбылася святочная падзея: больш за 200 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт удзяліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Сакрамэнт канфірмацыі даў вернікам ашмянскай парафіі, якія яго прынялі і сярод якіх большасць склала моладзь, магчымасць яшчэ больш паяднацца з Касцёлам, усклаў на іх абавязак, як сапраўдныя сведкі Хрыста, пашыраць веру словам і дзеяннем.

Паколькі гэты дзень быў нядзеляй Божай Міласэрнасці, урачыстая Імша пачалася ў гадзіну міласэрнасці – 15 гадзін – супольным Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Варта адзначыць, што ў парафіі на працягу пэўнага часу служыў бл. кс. Міхал Сапоцька – духоўны кіраўнік св. Фаўстыны, “апостала Божай Міласэрнасці”, якая навучыла Касцёл гэтай малітве.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі ўзгадаў словы Папы Яна Паўла ІІ: “Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі”. Такім чынам іерарх заахвоціў кандыдатаў да канфірмацыі, асабліва моладзь, прасіць Бога спаслаць свайго Духа, каб “Ён прыйшоў і аднавіў сэрцы, адпаведна навучаў, суправаджаў”, каб яны “здолелі быць сведкамі Уваскрослага Пана для сваіх равеснікаў”.

Іерарх заклікаў прымаючых сакрамэнт хрысціянскай сталасці даваць сваім штодзённым жыццём сведчанне пра Уваскрослага Хрыста, каб іншыя, бачачы іх прыклад, ішлі да Бога. Таксама біскуп заахвоціў, каб праз прыняты дар Духа Святога яны сталі больш падобнымі да Хрыста, сведчылі пра Яго і будавалі Яго Цела ў веры і любові.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.